Калядная радасць ад місіі «Чыстае сэрца» |
Беларусь |
16.01.2017 09:14 |
Зусім нядаўна ў Каталіцкім Касцёле завяршыўся літургічны перыяд Божага Нараджэння. Але ў касцёлах і дамах яшчэ стаяць святочныя ялінкі і батлейкі, а душу грэюць цёплыя ўспаміны перажывання свята. Настроем радасці і цуду старалася падзяліцца ў гэты час і дабрачынная Моладзевая місія «Чыстае сэрца», якая правяла акцыі «Святы Мікалай адказвае» і «Калядная ўсмешка». Да свята Божага Нараджэння каля ста дзетак нашай краіны атрымалі цудоўны ліст з віншаваннем ад святога Мікалая. Менавіта столькі бацькоў адгукнуліся на нашу прапанову акцыі «Святы Мікалай адказвае» і паведамілі свой паштовы адрас. Праз гэтую акцыю місія «Чыстае сэрца» хоча прынесці радасць у жыццё дзяцей і дапамагчы ім паверыць у цуды. А як жа быць з тымі, у каго няма бацькоў? Да іх супольнасць «Чыстага сэрца» ідзе сама. На гэты раз у межах акцыі «Калядная ўсмешка» місія наведала выхаванцаў Вілейскай школы-інтэрната з цяжкімі парушэннямі маўлення. У дадзенай установе навучаюцца як дзеці з сем’яў, так і сіроты. Некаторыя з іх мелі магчымасць правесці навагоднія святы ў італьянскіх сем’ях, астатнія (каля сарака чалавек) засталіся ў сценах інтэрнату. Павесяліць і падзяліцца радасцю з гэтымі дзеткамі прыехаў святы Мікалай, а місія «Чыстае сэрца» правяла забавы і ўручыла падарункі. Дзіцячыя ўсмешкі ў той дзень сагравалі сэрцы ўсім прысутным. Спадзяёмся, што і ў вашых асяродках не бракавала добрых учынкаў і словаў, але калі вы дагэтуль не ведаеце, з кім падзяліцца сваёй усмешкай, місія «Чыстае сэрца» рада вам падказаць. Кантактную інармацыю шукайце на нашым сайце serca.by. Святлана Жылевіч |