Яго прыклад пацвярджае: пачынаць новае ніколі не позна. Каб засвоіць арган, ён паступіў у Акадэмію музыкі ў 53 (!) гады. Гісторыяй свайго незвычайнага хобі ў гутарцы з Catholic.by дзеліцца адзін са стваральнікаў партала TUT.BY Юрый Зісер.
«Я зразумеў, што хачу большага, і купіў вучэбны арган» «Калісьці я ўсур’ёз задумваўся над прафесіяй урача, але паступаць у медыцынскі тады так і не адважыўся. Скончыў універсітэт у Санкт-Пецярбургу па спецыяльнасці біямедыцынская кібернетыка і ўсё жыццё займаюся камп’ютарным праграмаваннем», — прызнаецца Юрый Зісер.
«Любоў да музыкі мне прывілі бацькі: мама была прафесійным музыкантам, тата — аматар. У дзяцінстве я крыху займаўся на піяніна, але заўсёды цікавіўся арганнай музыкай, асабліва Бахам. Юрый Зісер усё жыццё займаецца праграмаваннем. Адзін з найбольш паспяховых яго праектаў — партал TUT.BY У 36 гадоў я зразумеў, што хачу большага, і ўсяго толькі слухаць музыку мне мала. Так я пачаў спрабаваць іграць па нотах усе творы Баха. Але арганныя творы на фартэпіяна паўнавартасна выканаць немагчыма, таму я купіў вучэбны электронны арган з 30 рэгістрамі, двума мануаламі і педаллю і пачаў вучыцца іграць на ім самастойна...» Аднак нават сёння, як жартуе сам выканаўца, калі ён дома іграе «па нотах усе творы Баха», яго жонка шчыльна закрывае ўсе дзверы ў іх кватэры. «Мая ігра недасканалая, я не прафесіянал, — усміхаецца Зісер. — Калі ж я штосьці рэпецірую, то, як правіла, гэта доўжыцца не адзін дзень. Хто ж у стане слухаць адно і тое ж шмат дзён запар па некалькі разоў!».
«Музыка не будзе гучаць, пакуль не зразумееш, пра што яна»
Арганную музыку Юрый Зісер называе сваім хобі. Як, дарэчы, і ігру на клавесіне, падарожжы і захапленне джазам.
Аднак якраз музыка ў адзін момант стала для яго чымсьці большым. Пазнаёміўшыся з энтузіястам арганаў Аляксандрам Бурдзелевым, праграміст у 53 гады вырашыў паступіць у Беларускую акадэмію музыкі, каб авалодаць арганам ужо прафесійна.
«Пакуль ты не зразумеў, пра што музыка — яна не гучыць, бо не нясе сэнсу і эмацыйнага зместу. Баха ці Свелінка не атрымаецца сесці і адтарабаніць па нотах, як Чайкоўскага ці Бетховена. Для выканання такой музыкі трэба разумець, пра што яна», — разважае Зісер. Праграміст адзначае, што паралельна з музыкай ў Акадэміі яму давялося падцягваць веды і ў галіне хрысціянства.
На фота: Разам з аднадумцамі Юрый Зісер выступае ў складзе калектыва ORGANUM «Без хрысціянства немагчыма зразумець гісторыю ўвогуле і старажытную музыку ў прыватнасці. Старажытныя арганныя творы скрозь пра Божае Нараджэнне, Адвэнт, Вялікдзень, Унебаўшэсце, Святую Тройцу і іншыя падзеі, адлюстраваныя ў Бібліі. Напрыклад, харальная апрацоўка Баха “О, чалавек, аплаквай свой цяжкі грэх”: у ёй паслядоўна расказваецца пра шлях Езуса на Галготу. Вось Ён ідзе, вось спатыкаецца, вось падае, а вось Яго высока падымаюць на крыжы. Усё гэта адлюстравана ў музыцы Баха, і ўсё гэта павінен адлюстраваць у сваёй ігры арганіст. Такі ж падыход і да сучаснай арганнай музыкі».
У адказ пра веру ў Бога, Юрый Зісер называе сябе «экуменістам, для якога Бог існуе, аднак не належыць да ніводнай з рэлігій».
«Я нарадзіўся і вырас у Львове, дзе ў касцёле размяшчалася арганная канцэртная зала. Там выступалі гастралёры з усяго свету. З дзяцінства я стараўся паслухаць там усіх арганістаў і ўсе творы, якія толькі можна было пачуць.
У Мінску я часам заходжу ў архікатэдральны касцёл на пл. Свабоды. Прыходжу туды ў імкненні цішыні адпачыць ад гарадской мітусні, падумаць. А яшчэ там выдатны арган і прыязджаюць добрыя музыкі...».
«Я проста іду за сваім захапленнем і аддаюся яму»
У гэта цяжка паверыць, але Юрый Зісер ніколі ў жыцці не ставіў сабе ніякіх мэтаў. Прынамсі, так сцвяржае ён сам: проста трымаўся свайго захаплення і аддаваўся яму на поўню.
«Усё жыццё я займаюся чымсьці не таму, што паставіў мэту, а таму, што не мог не займацца, — адзначае праграміст. — Калі шчыра, ніколі ні ў чым я не не ставіў сабе ніякіх мэтаў. Хутчэй наадварот, мае мэты несвядома самі фарміраваліся ўнутры мяне і вялі мяне за сабой. Так выйшла і з ігрой на аргане: я проста пайшоў за сваім захапленнем».
Падрыхтаваў Ілья Лапато, фота з архіва Ю. Зісера
|