Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Харватыі завяршаецца чэмпіянат па міні-футболе. Беларускія святары згуляюць таварыскі матч з ветэранамі зборных
Беларусь
23.02.2017 15:39

Беларуская зборная каталіцкіх святароў не змагла выйсці ў чвэрцьфінал XI Чэмпіяната Еўропы па міні-футболе сярод святароў. Каманда Беларусі на завяршэнне турніра згуляе таварыскі матч з ветэранамі іншых зборных.

Пуцёўкі ў фінал паміж сабой разыграюць зборныя з Босніі і Герцагавіны, Партугаліі, Харватыі і Славакіі.

Беларусы разам з аўстрыйцамі і славенцамі былі пасеяны ў адзін кошык да гаспадароў турніра — харватаў. Зборная Харватыі ў выніку і выйшла з групы ў якасці лідара. Другое месца ў групе занялі аўстрыйцы.



Каманда паўднёвай суседкі Беларусі — зборная Украіны — таксама не здолела пераадолець чвэрцьфінальны рубеж і за выніковае 13 месца паспрачаецца са святарамі з Італіі.

Расклады на фінал

Сярод паўфіналістаў толькі ў святароў Славакіі вопыту менш, чым у іх канкурэнтаў. Тым не менш менавіта славакі не пусцілі ў паўфінал аднаго з фаварытаў турніру — зборную Польшчы. У выніку нашы заходнія суседзі будуць змагацца за 7 месца ў выніковым табелі.


Ці здолее каманда Славакіі навязаць барацьбу і партугальцам, выйшаўшы ў свой дэбютны фінал, пакажа гульня. У другой жа частцы турнірнай табліцы мацнейшую каманду будуць высвятляць балканскія суседзі Харватыя і Боснія.

Гаспадыня чэмпіянату выйгравала турнір двойчы (яшчэ ў яе актыве 3 срэбра, 3 бронзы і 2 чацвёртых месцы). Святары з Босніі і Герцагавіны наадварот яшчэ ні разу не падымалі над галавой пераможны кубак ЧЕ.

XI Чэмпіянат Еўропы па міні-футболе сярод святароў праходзіць у харвацкім горадзе Вукавар і арганізаваны ў супрацоўніцтве з Джакова-Асецкай Мітраполіяй пры падтрымцы Харвацкай федэрацыі футболу.

Ілья Лапато, фота djos.hr

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.