Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Беларусь: ці прыйдзе Касцёл у дзяржаўную сферу адукацыі?
Беларусь
27.02.2017 09:07

У Беларусі завяршаецца грамадскае абмеркаванне новага Кодэкса аб адукацыі. Аб узаемадзеянні з рэлігійнымі арганізацыямі гаворыцца ў Артыкуле 2 «Асновы дзяржаўнай палітыкі ў сферы адукацыі» новага Кодэкса.

У прыватнасці адзначаецца: «Установы адукацыі ў пытаннях выхавання на падставе пісьмовых заяў навучэнцаў, законных прадстаўнікоў непаўналетніх навучэнцаў у пазавучэбны час могуць узаемадзейнічаць з зарэгістраванымі рэлігійнымі арганізацыямі з улікам іх уплыву на фарміраванне духоўных, культурных і дзяржаўных традыцый беларускага народа. Парадак, умовы, змест і формы такога ўзаемадзеяння вызначаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь па ўзгадненні з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь».

Як паведаміў рэлігіязнаўца, кандыдат філасофскіх навук, выкладчык Гомельскага дзяржаўнага універсітэта імя Скарыны Віктар Адзіночанка, гэты пункт Кодэкса застаўся без зменаў і ўзяты з дзеючага Кодэкса аб адукацыі.

На яго думку, закон не будзе прадугледжваць іншыя змены, бо дазваляе дзяржаве дыктаваць свае ўмовы.
Рэлігіязнаўца нагадаў, што ў 2003 г. было заключана пагадненне аб супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Праваслаўнай Царквой, і на падставе гэтага пагаднення былі падпісаны яшчэ шэраг пагадненняў з рознымі міністэрствамі, у тым ліку з Міністэрствам адукацыі.

«Гэта значыць, што навучальныя ўстановы могуць запрашаць праваслаўных святароў, праводзіць факультатывы. Але шмат у чым, на мой погляд, гэта мае імітацыйны характар», — падкрэсліў рэлігіязнаўца.

«Што ж датычыць Касцёла, то размовы аб пагадненні з дзяржавай вядуцца вельмі даўно. Наколькі трэба такое пагадненне заключаць — адказ на гэта пытанне павінна даць перш за ўсё кіраўніцтва Касцёла. Але думаю, што ў дадзеных умовах яно не можа быць заключана, бо Касцёл не залежны ад дзяржаўнага апарату, як часта адбываецца ў выпадку з Праваслаўнай Царквой. Апроч таго, узнікае пытанне, наколькі гэта эфектыўна для выхавання моладзі. Бо калі чалавек робіць намаганні, каб прыйсці ў касцёл — гэта адна справа. А калі да яго прыходзяць у школу ці ва ўніверсітэт — гэта не яго выбар», — выказаў сваё меркаванне эксперт.

Рэлігіязнаўца дадаў, што абмяркоўваў гэтую тэму са святарамі з Польшчы, дзе Касцёл прысутнічае ў навучальных установах. На думку польскіх душпастыраў, лепш праводзіць навучанне рэлігіі пры парафіях, бо такая дзейнасць у свецкіх установах не заўсёды дае добры плён.

Паводле Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё
(VGr)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.