21 сакавіка ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі прадставілі
карціну Яна Дамеля «Маленне аб чашы», над якой працавалі
рэстаўратары музея пад кіраўніцтвам Аляксандра Лагуновіча. Сюжэтам твора з’яўляецца малітва Хрыста перад мукаю і смерцю ў Аліўным садзе. «…Запыленае палатно памерам тры на тры метры прывезлі з экспедыцыі па „зачыненых культавых памяшканнях“ яшчэ ў 1970-я», — пісаў Аркадзь Шпунт у артыкуле «НДФ-2207», надрукаваным у часопісе «Наша вера».
Рэстаўратар піша, што з-за недахопу спецыялістаў і тэхнікі рэстаўрацыя палатна была адкладзена на доўгія гады. У 2013 г. карціна нарэшце трапіла на стол спецыялістаў і, «расчысціўшы жывапіс ад памутнелага лаку, убачылі ў залатым ззянні анёла з чашаю і спакутаваныя вочы Збаўцы», — піша Аркадзь Шпунт.
Карціна Яна Дамеля «Маленне аб чашы» ўражвае сваімі памерамі і займае цэнтральнае месца ў новай зале музея.
Як адзначыў намеснік генеральнага дырэктара музея Сяргей Вечар, распачынаючы імпрэзу, «Ян Крыштаф Дамель — мінскі мастак, адзін з найлепшых твораў якога — «Маленне аб чашы» — паступіў у музей у такім жахлівым стане, што амаль быў на мяжы знікнення».
«Я лічу сапраўдным цудам, што сёння твор адноўлены руплівымі намаганнямі нашых рэстаўратараў. Гэта паказчык высокага прафесіяналізму беларускай рэстаўрацыйнай школы і таго, што мы па крупіцах вяртаем нашу гісторыка-культурную спадчыну, нашы здабыткі мінуўшчыны», — дадаў Сяргей Вечар.
На мерапрыемстве прысутнічаў таксама біскуп Юрый Касабуцкі. «На жаль, многія гістарычныя падзеі, якія разгортваліся на нашай зямлі, прывялі да страты вялікай часткі нашай культурнай і рэлігійнай спадчыны. Аднак я радуюся, калі бачу вяртанне твораў, якія вартыя называцца залатым фондам. Спадзяюся, нашы нашчадкі здолеюць гэта ацаніць», — адзначыў біскуп Юрый.
Перад прысутнымі выступаў таксама намеснік старшыні рады Беларускага фонду культуры Анатоль Бутэвіч, генеральны дырэктар мастацкага музея Уладзімір Пракапцоў, а таксама кіраўнік рэстаўрацыі карціны Аляксандр Лагуновіч. Мастак-рэстаўратар падзякаваў за супольную працу сваім калегам: Святлане Ішмаевай, Сяргею Шаціла, Кацярыне Грачовай і кіраўніку рэстаўрацыйных майстэрняў Аркадзю Шпунту, а ў канцы дадаў: «Нашая малітва — у працы».
Імпрэза завяршылася музычным творам Станіслава Манюшкі «Ранішняя песня» — падарункам ад ансамбля «Вытокі» пад кіраўніцтвам Аляксея Фралова.
Вольга Качалка, фота Мікалая Новікава ave-maria.by
|