У Беларусі плануецца правядзенне першага pro-life кангрэсу |
Беларусь |
30.03.2017 09:27 |
У Беларусі плануецца правядзенне першага pro-life кангрэсу. Меркаваная дата правядзення форуму — канец 2018 года. Кансультацыі на гэты конт вядуцца з Мітрапалітам Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам і Радай па справах сям’і Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
Пра гэта Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё паведаміў старшыня Дабрачыннага фонду «Адкрытыя сэрцы» Уладзіслаў Валаховіч. «На гэтым кангрэсе, які мы хочам правесці ў Мінску, мы хочам узняць такія актуальныя праблемы, якія шырока прысутнічаюць на еўрапейскім полі, але яшчэ не зусім прыйшлі да нас. Маюцца на ўвазе пагрозы гендэрнай ідэалогіі, пра якую ў Беларусі няшмат чутна, але якая “расперазалася” ў іншых краінах Еўропы і знішчае сем’і, сужэнствы, вобраз Божы ў чалавеку. Чалавек быў задуманы як мужчына і жанчына, а нам тут раптам прапануюць на выбар пяць ці шэсць гендэраў», — адзначыў Уладзіслаў Валаховіч. Іншай важнай тэмай, якая будзе ўзнята на форуме, стане негатыўны ўплыў на беларускае грамадства дзейнасці некаторых міжнародных арганізацый, як напрыклад, Сусветная арганізацыя аховы здароўя ААН, Фонд ААН у галіне народанасельніцтва, якія прасоўваюць кантрацэпцыю і аборты. «Мы хочам раскрыць механізмы дзеяння гэтых арганізацый і паказаць, што калі Беларусь сапраўды хоча быць незалежнай, то ў першую чаргу яна павінна быць незалежнай ад тых міжнародных лобі, якія прасоўваюць антыхрысціянскія, антысямейныя і вельмі небяспечныя рэчы, што фінансуюцца самымі багатымі людзьмі на планеце, напрыклад, такімі як Джордж Сорас, Біл Гейтс і іншымі, зацікаўленымі ў тым, каб нас увогуле не было на свеце. Каб была толькі наша тэрыторыя, але не было людзей», — лічыць старшыня «Адкрытых сэрцаў». Члены фонду «Адкрытыя сэрцы» рэгулярна наведваюць аддзяленні неадкладнай гінекалогіі, так званыя «абартарыі», дзе моляцца і праводзяць кансультацыі з жанчынамі, якія звяртаюцца да гэтых структур. Паводле Уладзіслава Валаховіча, здараліся выпадкі, калі жанчыны за гадзіну да запланаванага аборту вырашаліся захаваць жыццё свайму дзіцяці. «Такіх выпадкаў у нас ужо 124, і я веру, што на самой справе іх больш, бо з нас узялі прыклад іншыя “pro-life” арганізацыі, якія заснаваны ўжо не католікамі, а праваслаўнымі. Дзякуючы намаганням гэтых арганізацый у Беларусі ў 2014 г. нарэшце дазволілі абавязковае перадабортнае кансультаванне. У законе аб ахове здароўя была зроблена папраўка, згодна з якой кожная жанчына перад абортам павінна атрымаць кваліфікаваную псіхалагічную дапамогу», — сказаў ён. Кіраўнік «Адкрытых сэрцаў» лічыць, што дзякуючы гэтай ініцыятыве ў 2016 годзе ў Беларусі атрымалася захаваць жыццё 2-3 тысячам дзяцей. Акрамя таго, урачы атрымалі права на адмову ад аборту, спасылаючыся на свабоду сумлення. Калі рыхтаваліся папраўкі ў гэты закон, фонд зрабіў шмат працы, звяртаючыся да канкрэтных дэпутатаў і міністэрстваў. Дабрачынны фонд «Адкрытыя сэрцы» быў зарэгістраваны ў 2009 годзе. На сённяшні дзень ён налічвае каля 70 актыўных валанцёраў, якія дзейнічаюць ва ўсіх дыяцэзіях Беларусі. Акрамя працы ў аддзяленнях неадкладнай гінекалогіі і зваротаў да ўладаў актывісты гэтай арганізацыі выступаюць у якасці дарадчыкаў сямейнага жыцця пры парафіях, рыхтуюць будучых сужонкаў, праводзяць выставы ў дзяржаўных навучальных установах і каталіцкіх структурах, з якімі за апошнія два гады пазнаёміліся каля 20 тысяч чалавек. |