Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Беларускую батлейку з Брэста запрасілі на тэатральны фестываль у Бэтлеем
Беларусь
30.03.2017 11:39

Брэсцкі тэатр лялек атрымаў запрашэнне ад арганізатараў міжнароднага тэатральнага фестывалю для дзяцей і моладзі «Яла Яла» ў Бэтлееме, які пройдзе з 1 па 10 красавіка.

Як адзначыў мастацкі кіраўнік тэатра Міхаіл Шавель, на фестываль у Палесціну, у якім прымаюць удзел больш за 10 тэатральных труп, калектыў адправіцца з адным з найстарэйшых сваіх спектакляў.

У Бэтлееме беларусы пакажуць твор у жанры народнага тэатра батлейкі «Рыгорка — ясная зорка» па казцы паэта і драматурга Анатоля Вярцінскага. Брэсцкія лялечнікі пакажуць яго двойчы 5 красавіка на сцэне тэатра «Аль-Харах» у Бэтлееме.

Пра што спектакль?

«Рыгорка — ясная зорка» ідзе на сцэне Брэсцкага тэатра лялек ужо амаль 30 гадоў. Іграюць яго, як правіла, у перыяд святаў Божага Нараджэння. У аснове пастаноўкі — сюжэт, блізкі да евангельскага.

Спектакль расказвае гісторыю пра тое, як Анёл паслаў пажылым сужонкам хлопчыка Рыгорку. Сын вырас добрым і мужным асілкам, які перамог злога Змея-ліхадзея і выратаваў ад бяды ўвесь народ.
Спектакль з’яўляецца ўдзельнікам шматлікіх міжнародных фестываляў. У прыватнасці, беларускую батлейку паказвалі ў Маскве, Луцку, Берліне, Любляне, Марыборы, Любліне, Містэльбаху.

З вялікай цікавасцю вязём у Бэтлеем менавіта гэты спектакль. Само слова “батлейка” паходзіць ад назвы святога для хрысціян горада, дзе, згодна з Евангеллем, нарадзіўся Езус Хрыстус. Да таго ж адвечная тэма барацьбы дабра і зла заўсёды хвалюе гледачоў», — заключыў Міхаіл Шавель.

Паводле mybrest.by (IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.