Крыжовы шлях вуліцамі Гродна: «Шчаслівы той, хто ўмее прабачаць» |
Беларусь |
10.04.2017 11:15 |
8 красавіка сотні маладых людзей і іншыя вернікі Гродна прынялі ўдзел у
Крыжовым шляху вуліцамі горада. Шэсце за крыжам — успамін таямніцы мукі і
смерці Хрыста — праходзіла ў горадзе напярэдадні Пальмовай нядзелі. Перад распачаццем урачыстай працэсіі ўдзельнікі набажэнства сабраліся на Эўхарыстыі ў катэдральным касцёле св. Францішка Ксаверыя. Імшу ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Падчас казання іерарх заахвоціў прысутных да штодзённага сведчання веры праз словы і ўчынкі. Біскуп Юзаф засяродзіў увагу вернікаў на неабходнасці пакаяння і навяртання.
«Пойдзем за крыжам і пакажам нашаму гораду, што прыйшоў час пакаяцца і знайсці шлях да Бога. Пакажам жыхарам нашага горада, што трэба вярнуцца да Пана, заўсёды ласкавага і міласэрнага», — падкрэсліў іерарх. Біскуп Юзаф Станеўскі заахвоціў маладое пакаленне быць указальнікам для іх равеснікаў у сучасным свеце. «Пакажыце, што варта пражываць сваё жыццё з Хрыстом і будаваць на ім сваю будучыню. Езус — гэта наш шлях, які вядзе да збаўлення», — дадаў біскуп.
Пасля святой Імшы распачаўся Крыжовы шлях, які праходзіў ад катэдральнага касцёла праз Савецкую плошчу. Завяршылася набажэнства на бернардынскім узгорку, у касцёле Адшукання Святога Крыжа. Падчас набажэнства да крыжа падыходзілі прадстаўнікі розных парафій, семінарысты, юнакі, якія ўдзельнічалі ў рэкалекцыях распазнання палікання, студэнты з Нігерыі, якія вучацца ва ўніверсітэтах горада. Сёлетнія разважанні падчас Крыжовага шляху былі прысвечаны тэме прабачэння. Па традыцыі іх падрыхтавалі маладыя вернікі з Душпастырства старэйшай моладзі і студэнтаў Гродна Open пад кіраўніцтвам свайго душпастыра кс. Антонія Грэмзы.
Паводле grodnensis.by |