#Маяпершаякамунія: беларускія біскупы — пра Першую святую Камунію ў іх жыцці |
Беларусь |
10.05.2017 18:46 |
Традыцыйна май лічыцца ў Касцёле месяцам Першых святых Камуній, калі дзеці (часцей за ўсё гэта дзеці) ўпершыню прымаюць Цела Хрыста і ўпоўні ўдзельнічаюць у святой Імшы.
Першая святая Камунія ў парафіі Святога Казіміра ў Маладзечне, 2013г. Фота Аляксандры Шчыглінскай Як правіла, дзень Першай Камуніі запамінаецца на ўсё жыццё. У новым праекце #маяпершаякамунія Catholic.by распытаў беларускіх іерархаў пра іх ўспаміны, звязаныя з прыняццем Першай святой Камуніі. Сёння сваімі сведчаннямі дзеляцца арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, і біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, біскупскі вікарый для магілёўскага рэгіёна. Першая святая Камунія біскупа Аляксандра Яшэўскага, парафія Святых Апосталаў Пятра і Паўла ў Барунах, 1984 г. а Мітрапаліт Кандрусевіч: «Гэты дзень стаў стымулам як мага часцей прыступаць да святой Камуніі» Першая Камунія старшыні беларускага епіскапату Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча прыпала на пачатак 1950-х. Як прыгадвае арцыбіскуп, у той час касцёл у яго роднай парафіі ў Адэльску дзейнічаў, але пастаяннага святара не было і Імша ў іх касцёле цэлебравалася ўсяго некалькі разоў на год. «Да першай споведзі і Камуніі нас рыхтавала адна бабця. Падрыхтоўка вялася толькі летам — мы, дзеці, звычайна збіраліся ў яе на падворку. Калі ж ішоў дождж, заняткі былі ў хаце. Нас было многа — усе дзеці 7-8 гадоў. Вялікай падтрымкай для мяне былі бацькі, гэта яны давалі прыклад малітвы. Штодзённа пасля вечаровай малітвы яны пыталіся ў мяне і малодшай сястры пацеры і катэхізіс. Так было кожны дзень. Хоць усё было вельмі сціпла, без святочнага строю і фатографаў, але гэта быў выключны дзень, які адыграў вялікую ролю ў маім жыцці. Менавіта, ён стаў стымулам як мага часцей прыступаць да святой Камуніі. Пазней лёс кідаў мяне па Расіі, дзе зусім не было касцёлаў акрамя Масквы і Ленінграда, было вельмі цяжка без споведзі і Камуніі. Таму, калі я вяртаўся ў Беларусь ці Літву, заўсёды імкнуўся ў касцёл...» Біскуп Яшэўскі: «Памятаю і першы Ружанец, і першую свечку з сіняй стужкаю, і месца, дзе стаяў у касцёле...» Першая святая Камунія біскупа Аляксандра Яшэўскага SDB адбылася ў 1984 годзе: «Як і ў многіх хлопчыкаў і дзяўчынак тых часоў, вялікую ролю ў маёй падрыхтоўцы да святой Камуніі адыграла бабуля, якая вельмі грунтоўна і адказна падышла да гэтай місіі. Будучы біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB — у першым шэрагу трэці злева (світэр з вышыванкай) Цэлы месяц — дзень ў дзень — мы з бабуляй Крыстынай інтэнсіўна рыхтаваліся да гэтай падзеі. Шторанку перад працай бабуля адводзіла мяне да сваёй матулі — маёй прабабулі Стэфаніі, і тая вучыла мяне Катэхізісу і малітвам. Вяртаючыся з працы, бабуля забірала мяне, а дома яшчэ раз ўсё правярала: ці добра навучыўся, ці ўсё зразумеў. Напярэдадні пробашч кс. Ян Матусевіч сабраў нас, а ўсіх дзяцей было чалавек 20, і правёў экзамен, а пасля аб’явіў, што ўсе мы дапушчаныя да Першай святой Камуніі. А назаўтра была першая споведзь.
Ад рэдакцыі: Заахвочваем і вас, шаноўныя чытачы, падзяліцца ў сацсетках сваімі ўспамінамі пра Першую Камунію. Выкарыстоўвайце хэштэг #маяпершаякамунія. Вашы падборкі на гэту тэму будуць публікавацца на Catholic.by. |