16 мая — 360 гадоў з дня мучаніцкай смерці св. Андрэя Баболі, апекуна Пінскай дыяцэзіі |
Беларусь |
16.05.2017 11:34 |
У свята св. Андрэя Баболі, 16 мая, прыпадае 360-я гадавіна мучаніцкай смерці езуіта, які служыў на Піншчыне і загінуў у Янаве Палескім (сучаснае Іванава Брэсцкай вобл.). У гэты дзень вернікі Пінскай дыяцэзіі ва ўсіх парафіях моляцца праз заступніцтва свайго нябеснага апекуна, а 20 мая збяруцца ўсёй дыяцэзіяльнай супольнасцю ў санктуарыі ў Іванаве. Андрэй Баболя нарадзіўся каля 1591 г. Пасля заканчэння сярэдняй школы ўступіў у ордэн езуітаў у Вільні. У 1622 г. атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне. З 1642 г. вёў місіянерскую дзейнасць на Піншчыне. У той час рэлігійнае жыццё палешукоў было ў вельмі занядбаным стане: у народзе панавалі шматлікія забабоны, людзі амаль не ўдзельнічалі ў набажэнствах. Святар хадзіў праз балоты з вёскі ў вёску, несучы святло Божай праўды ў самыя аддаленыя куточкі Палесся. Дзякуючы яго намаганням шмат людзей навярнулася да Бога і паядналася з Каталіцкім Касцёлам. За гэта Андрэя Баболю называлі апосталам Піншчыны і «душахватам». У сераду 16 мая 1657 г. у Янаў Палескі ўварваліся казакі і забілі ўсіх католікаў і яўрэяў, не зважаючы на ўзрост, пол і паходжанне. Даведаўшыся, што незадоўга перад гэтым з Янава выйшаў Андрэй Баболя, выправіліся за ім у пагоню. Схапіўшы, яго страшэнна збілі і, прывязанага паміж двума канямі, прыцягнулі ў Янаў. Там казакі некалькі гадзін люта здзекаваліся са сваёй ахвяры, выдумляючы ўсё новыя жахлівыя катаванні, пасля чаго два ўдары шабляй перарвалі зямное жыццё святога. Яго знявечанае цела было прывезена ў Пінск, пазней — у Полацк. (VGr)
|