Беларуская царква грэка-католікаў трапіла ў Топ-50 найлепшых будынкаў Лондана |
Беларусь |
26.05.2017 16:07 |
Праз паўгода пасля афіцыйнага адкрыцця Грэка-каталіцкая царква беларускай супольнасці ў Лондане працягвае атрымліваць узнагароды на брытанскіх і замежных конкурсах.
21 мая яна трапіла ў лік 50 найлепшых будынкаў Лондана за 2016 год — атрымала прэмію Каралеўскага інстытуту брытанскіх архітэктараў (RIBA London Award). Як маленькая царква на ўскрайку Лондана прымусіла брытанцаў абмяркоўваць Беларусь, расказвае архітэктар царквы Со Цзыўай (Tszwai So). Яшчэ да таго, як будаўніцтва было скончана, беларуская царква трапіла ў топавыя брытанскія СМІ. «Першы драўляны храм Лондана з 1666 года», — пад такім загалоўкам выйшаў матэрыял пра беларускую царкву ў газеце The Times. «Кожны раз, калі я прыходжу ў царкву, заўжды бачу цікаўных суседзяў каля яе, ці проста выпадковых людзей, якія ўглядаюцца ў яе, спрабуюць увайсці ў будынак», — кажа Со Цзыўай. Сёлета беларускую царкву другі раз уключылі ў Лонданскі фестываль архітэктуры. А 21 мая стала вядома пра перамогу на конкурсе Каралеўскага інстытута брытанскіх архітэктараў (RIBA London Award). Царква трапіла ў лік 50 найлепшых будынкаў Лондана за 2016 год. |