Папа Францішак узнагародзіў беларуса кс. Юзафа Занеўскага SDB залатым крыжам |
Беларусь |
29.05.2017 09:52 |
Папа Францішак узнагародзіў 75-гадовага кс. Юзафа Занеўскага SDB, які паходзіць з Беларусі і ўжо доўгія гады нясе служэнне ў Расіі, крыжам Pro Ecclesia et Pontifice («За заслугі перад Касцёлам і Папам»).
Крыж быў уручаны 28 мая падчас святой Імшы ў маскоўскай катэдры, падчас якой святар развітваўся з парафіяй пасля 26-гадовага служэння. Крыж Pro Ecclesia et Pontifice — шостая па старшынстве ўзнагарода Святога Пасаду. Ёю ўзнагароджваюцца духавенства і вернікі, якія не менш за 25 гадоў свайго жыцця прысвяцілі служэнню Каталіцкага Касцёла і Пантыфіку. Узнагарода была ўведзена папам Львом ХІІІ у 1888 годзе і мае форму крыжа.
Ксёндз Юзаф Занеўскі, салезіянін, нарадзіўся ў Беларусі. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў у таямніцы ў Польшчы ў 1978 годзе. Служыў у Гродзенскай дыяцэзіі, а ў 1991 годзе арцыбіскуп у Маскве Тадэвуш Кандрусевіч прызначыў яго пробашчам маскоўскай парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Святар дабіўся вяртання католікам святыні на Малой Грузінскай вуліцы, кіраваў яе аднаўленнем і атрымаў сімвалічны ключ ад катэдры з рук Дзяржаўнага сакратара Святога Айца кардынала Анжэла Садана 12 снежня 1999 года. Новым пробашчам маскоўскай катэдры стаў кс. Уладзімір Кабак, таксама салезіянін, ураджэнец Беларусі. Паводле ria.ru (VGr) |