Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Супрацоўнік Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ атрымала дыплом доктара біблійнай тэалогіі
Беларусь
02.06.2017 11:54

Дыплом доктара біблійнай тэалогіі атрымала Марына Пашук, шматгадовы супрацоўнік Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.

29 мая ва Універсітэце Кардынала Стэфана Вышынскага ў Варшаве адбылося ўручэнне ганаровых адзнак і медалёў выкладчыкам і прафесарам Універсітэту, а таксама ўрачыстае прадстаўленне і ўручэнне дыпломаў тым, хто ў 2016/2017 акадэмічным годзе атрымаў ступень доктара.

Доктарская праца Марыны Пашук на тэму «Беларускія пераклады Святога Пісання 1926-2013. Гісторыка-параўнальнае даследаванне» была паспяхова абаронена 7 лістапада 2016 года і рэкамендавана да друку. Навуковым кіраўніком працы з’яўляецца кс. прафесар Крыштаф Бардскі, рэцэнзентамі — прафесар УКСВ Анна Кусьмірэк і кс. прафесар Марыюш Росік.

Навуковая праца разглядае праблематыку фарміравання беларускай традыцыі біблійных перакладаў на фоне ўсходнеславянскіх моваў, аналізуе гісторыю ўзнікнення гэтых перакладаў, а таксама падае біяграфіі перакладчыкаў і гісторыю дзейнасці перакладчыцкіх груп Рыма-Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы. У працы параўнаны таксама выбраныя фрагменты біблійных перакладаў на беларускую мову ў суаднясенні з арыгінальнымі тэкстамі Бібліі і старажытнымі біблійнымі перакладамі.

Адметнасцю працы з’яўляецца прадстаўленне ўсходніх і заходніх уплываў на біблійныя пераклады, асабліва ўплыў царкоўнаславянскай мовы, што сведчыць пра існаванне ў біблійнай трансляторыцы ў Беларусі дзвюх моцных традыцый, а менавіта заходняй традыцыі, называнай Slavia Latina, і ўсходняй традыцыі, называнай Slavia Ortodoxa. Гэтым абумоўлены выбар не толькі лексічных формаў, колькасці кніг у каноне, іх парадк і назвы, але перадусім выбар крыніцы перакладу.

Праца ў фармаце кнігі на польскай мове была падрыхтаваная да друку і выдадзена ў выдавецтве «Про Хрысто». Рыхтуецца пераклад на беларускую мову. Жадаем доктару біблійнай тэалогіі Марыне Пашук далейшых поспехаў у працы і віншуем з атрыманнем навуковага тытула.

Секцыя па перакладзе літургічных тэкстаў
і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.