#Маяпершаякамунія: 5 гісторый ад чытачоў Catholic.by (частка ІІ) |
Беларусь |
07.06.2017 09:50 |
У новым праекце #маяпершаякамунія Catholic.by публікуе ўспаміны пра Першую святую Камунію беларускіх іерархаў і вернікаў. Перачытваючы сведчанні, можна ўбачыць цэлыя пакаленні і асаблівасці таго часу, убачыць, як развіваўся Касцёл у розныя гады. Таксама па тэме:
п @Біскуп Аляксандр Кашкевіч: «Пра Бога нам расказвалі з вялікім замілаваннем» (з інтэрв’ю газеце «Слова жыцця») @tania gavdis: «Хросная бабуля Разалія была галоўным настаўнікам у нашым рэлігійным выхаванні» «Да Першай святой Камуніі, якую я прыняла ў 1993 годзе, на працягу двух гадоў мяне з братам рыхтавала бабуля з нашай вёскі — пані Валянціна. Жыла яна праз некалькі дамоў ад нас. Кожную суботу з астатнімі дзеткамі мы з братам з радасцю беглі да яе на падворак. У свае шэсць з паловай гадоў я была самай маленькай у группе. Аўтар у першым радзе трэцяя справа, яе брат — з самага краю Тады не было спецыяльных кніг, таму ўсё, што мы даведваліся пра Бога, было спадчынай, якую праз пакаленні перадавалі старэйшыя бабулі з вёскі. У іх было чаму павучыцца — нават у ваенныя часы парафіяне здолелі захаваць наш Мядзведзіцкі касцёл.
Здаецца, тады ў свае шэсць гадоў пра Бога я ведала больш, чым сёння. Мы доўга шукалі мне бялюткую сукенку, а бабуля ў той святочны і радасны дзень спляла мне вяночак з барвінцу. @Кс. Андрэй Кеўліч: «Гледзячы на семінарыста з парафіі, я таксама захацеў служыць пры алтары» «Першая Камунія стала ў маім жыцці пачаткам самастойнага крочання за Хрыстом. Гэта адбылося ў парафіі Імя Найсвяцейшай Панны Марыі ў Вялікіх Эйсмантах. @Irynka Pietrusiewicz: «Бабуля ўвесь час казала, што ў нас свята» «Ракаў 1989 год. Рыхтавала нас бабуля, закладала фундамент жыцця і веры. Польскія малітвы кірыліцай і міртавы вянок... Чаканне Камуніі ўжо ў часе Імшы як нечага таямнічага. Я, здаецца, нічога не разумела, але памятаю, што было радасна, і бабуля ўвесь час казала, што ў нас свята. І сонца свяціла :) Раней у Ракаве працаваў салезіянін. А цяпер і я належу да Салезіянскай сям’і. Цікавы бег жыцця». @Аксана Ючкавіч: «Гэта падзея, якая змяніла маё жыццё» «Я памятаю гэты дзень вельмі падрабязна, нават свае адчуванні, калі раса ўпала мне на калені, калі я пайшла ў наш кветнік, каб панюхаць півоні, а тады яны так квітнелі! Памятаю, як апранала белую сукенку. Яна была простая зусім, але я разумела, што такой простай яна і павінна быць. У мяне былі кароткія валасы, на якія мама прычапіла вяночак з кветкамі, што нагадвалі лілеі. Толькі малыя. Я так хвалявалася, але адчувала нешта велічнае.
Гэтую радасць маёй сустрэчы з Богам прыехалі падзяліць усе нашы родзічы. Усё дзядзі, цёці, бабулі, дзядулі, мае браты і сёстры, толькі не было маёй прабабулі Антанінкі, якая прыклала шмат старанняў і любові, рыхтуючы мяне да гэтай падзеі. Маёй прабабулі не стала 16 сакавіка таго года, у якім я прымала Святую Камунію. Я прымала Езуса ў сваё сэрца, а яна ўжо гасціла ў Яго Валадарстве. Я была бязмежна ўдзячна ёй, маёй дарагой настаўніцы, якая дапамагла мне палюбіць і адчуць Бога. Падзея, якая змяняе жыццё — менавіта так магу сказаць пра сваю Першую Камунію. Ад рэдакцыі: А якой была першая Камунія ў Вас? Дасылайце свае гісторыі на Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript і дзяліцеся імі пад хэштэгам #маяпершаякамунія ў сацыяльных сетках і чытайце гісторыю Касцёла з першых вуснаў. |