Стартавала мінская роварная пілігрымка да Маці Божай Будслаўскай |
Беларусь |
01.07.2015 14:11 |
1 ліпеня каля мінскага Чырвонага касцёла было прыпаркавана больш за 30 ровараў, якія каля 10 гадзін, адразу пасля святой Імшы для пілігрымаў-рaварыстаў, сталі надзейнымі і незаменнымі прыладамі для дасягнення мэты — Будслава. «Пілігрымку на педалях і колах» узначаліў вялікі аматар ровараў — Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У прывітальным слове арцыпастыр звярнуў увагу прысутных на духоўнае значэнне пілігрымкі на роварах. Між іншым іерарх адзначыў, што рэлігія па сваёй прыродзе нагадвае пра нашы адносіны чалавека з Богам. Гэтыя адносіны могуць мець розныя формы, і адной з іх з’яўляецца малітва, якая праяўляецца не толькі ў словах ці духоўных разважаннях, але і ў нашых дзеяннях і сведчанні. Падчас малітвы, дадаў арцыбіскуп, гаворым не толькі мы, але таксама і Бог. Мітрапаліт звярнуў увагу, што сярод розных формаў малітвы ў Беларусі ўсё больш распаўсюджваецца яе пілігрымкавая форма. Людзі ідуць і едуць у нашы санктуарыі. З многіх гарадоў Беларусі ў гэтыя дні шматлікія пілігрымкі накіроўваюцца ў Нацыянальны санктуарый у Будславе. Усё большай папулярнасцю цешыцца пакутная пілігрымка, якая 30 чэрвеня выйшла з касцёла свв. Сымона і Алены. Упершыню ў гэтым годзе 3 ліпеня адбудзецца аднадзённая пілігрымка сем’яў з дзецьмі. У гэты дзень, дадаў арцыпастыр, з Чырвонага касцёла вырушае чарговая пілігрымка на роварах. Прыхільнікі двух колаў такім чынам таксама жадаюць ушанаваць Марыю, весці дыялог з Богам і гэтым самым публічна выказаць сваю рэлігійнасць. «Роварная пілігрымка мае свой вельмі вялікі духоўны сэнс, над якім мы, можа, не заўсёды засяроджваемся. Усім вядома, што, каб ровар знаходзіўся ў вертыкальным становішчы, ён павінен ехаць, інакш ён будзе падаць. Ровар прызначаны для таго, каб ехаць, а не ляжаць на зямлі або быць абапёртым аб сцяну. Таксама і чалавек прызначаны для жыцця ў стане Божага дзіцяці, гэта азначае не для таго, каб ляжаць у грахоўным балоце, а каб займаць адпавядаючую яму, як Божаму стварэнню, пазіцыю, якая выражаецца ў яго адносінах да Бога і таму павінна мець вертыкальнае вымярэнне. А для гэтага чалавек павінен ісці, што азначае жыць паводле Божага закону», — сказаў Мітрапаліт. Іерарх пажадаў, каб пілігрымка на роварах да цудатворнага абраза Маці Божай «дапамагла нам духоўна падняцца, адмовіцца ад зла і навярнуцца да дабра, каб быць сапраўднымі хрысціянамі». «Усё чыніце на хвалу Божую» Ксёндз Ігар Лашук, капелан спартсменаў, у гаміліі падчас Імшы пажадаў пілігрымам вырушаць у шлях з дэвізам: «Усё чыніце на хвалу Божую». Святар заахвоціў задумацца падчас свайго шляху над тым, наколькі «на хвалу Божую» мы ставімся да іншых людзей, да сваіх штодзённых абавязкаў, а таксама да саміх сябе. Таксама кс. Ігар Лашук заклікаў паразважаць аб тым, як выглядаюць нашы адносіны з Богам асабліва ў складаных сітуацыях і ці маем мы сілы да Яго звяртацца ў такія моманты. Ксёндз Ігар Лашук заахвоціў дэманстраваць сваім словам хвалу Божую і памятаць, што слова чалавека выяўляе яго дух. Выехалі вуліцамі Мінска, дружнай грамадою колькасцю ў 32 чалавекі, сярод якіх арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, кс. Ігар Лашук, кс. Віталій Драздоўскі са сваімі парафіянамі са Ждановіч. «Гэтую пілігрымку ахвярую за нашу краіну» Напрыклад, Ірына Бурая з парафіі ў Малінаўцы падзялілася, што едзе ў другі раз, а перад тым, як распачаць роварныя пілігрымкі, удзельнічала шматразова ў пешых. Ірына таксама адзначыла, што ў гэтай пілігрымцы едзе з мараю аб супакоі ў свеце. Таксама юны пілігрым Віктар Богдан з мінскай сухараўскай парафіі падзяліўся, што купіў новы ровар і вырашыў змяніць стыль пілігрымавання з пешага на роварны, а сваю пілігрымку ахвяруе за сваю любую парафію. (DN), Аксана Ючкавіч |
Фотарэпартаж |