Першыя «жаўнеры Марыі» ўвайшлі ў Будслаў: «Пілігрымку скончыў — веру ўмацаваў!» |
Беларусь |
03.07.2015 12:32 |
3 ліпеня апоўдні першая пешая пілігрымка ўвайшла ў вёску Будслаў, пераадолеўшы кіламетры свайго шляху, пераадолеўшы свае недасканаласці, умацаваўшыся невыгодамі і малітвай, каб пакланіцца перад Маці Збаўцы. Першай у колькасці 120 чалавек стала ХХІV пешая пілігрымка «Мёры-Наваполацк-Будслаў», адказным за якую з'яўляецца кс. Кшыштаф Мянкіна.
«Пілігрымку скончыў — веру ўмацаваў», — мог бы сказаць ці падумаць кожны пілігрым, якога на ўваходзе ў святыню прывітаў кусташ Нацыянальнага санктуарыя а. Віктар Бурлака. «Малайцы! Вы сёння першыя!» — радасна звярнуўся да пілігрымаў у валошкавых вяночках а. Віктар. Пасля прывітання пілігрымы ўвайшлі ў святыню і па традыцыі сталі на калені, каб у цішыні стаць перад Маці Божай, паўтарыць перад Ёй свае інтэнцыі, скласці падзяку за адолены шлях.
Першая пілігрымка распачала ўваход шэрагу іншых, якія ўжо з нецярпеннем чакаюць, каб таксама пакланіцца ў святыні Богу. У гэтым годзе на ўрачыстасці ў Будслаў вырушыла 21 пілігрымка, тры з якіх — роварныя. Аксана Ючкавіч |