Біскуп Юзаф Станеўскі на Імшы для пілігрымаў: «Будслаў – месца сустрэчы чалавека з чалавекам і чалавека з Богам» |
Беларусь |
03.07.2015 19:50 |
Вернікі, якія прыбылі на штогадовыя ўрачыстасці ў Будслаў, што праходзяць сёлета пад дэвізам “Марыя – прытулак грэшных”, сабраліся 3 ліпеня на святой Імшы для пілігрымаў. Эўхарыстыю ўзначаліў дапаможны біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі. Імшу канцэлебравалі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч, дапаможны біскуп Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Аляксандр Яшэўскі SDB, Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек, шматлікія святары. На пачатку Імшы да сабраных звярнуўся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, прывітаўшы святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў, якія прыбылі ў Будслаў. Асаблівым чынам арцыпастыр прывітаў таксама новага біскупа – Аляксандра Яшэўскага, сказаўшы яму: “Мы молімся да Маці Божай аб Вашым доўгім і плённым служэнні ў Беларусі”. Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч прывітаў усіх пілігрымаў, асабліва з Брэста, якія “прайшлі доўгі і нялёгкі шлях” у Будслаў, падзякаваўшы ім за ахвярнасць; пілігрымаў з Віцебскай дыяцэзіі, якія “прыносяць у Будслаў свой асаблівы віцебскі каларыт”; з Гродзенскай дыяцэзіі, у тым ліку з Ліды і Гродна; з Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Іерарх прывітаў і пілігрымку, якая прыйшла ў санктуарый у гэтым годзе ўпершыню, – пілігрымку сем’яў, падкрэсліўшы, што “сям’я – падмурак грамадства”. “Дзякуй за тое, што захацелі прыйсці да гэтага сэрца нашага Касцёла ў Беларусі – у Будслаўскі санктуарый, каб прадставіць Маці Божай свае просьбы і спадзяванні”, – сказаў Мітрапаліт. Біскуп Юзаф Станеўскі ў гаміліі звярнуў увагу, што сённяшні свет заклкіае да камунікацыі, “некаторыя сродкі інфармацыі мы шырока ўжываем у жыцці”. Але адначасова, дадаў іерарх, “людзі сталі менш сустракацца”, “не давяраюць індывідуальнай сустрэчы”, “нават забыліся аб выразы твару суразмоўцы”. “Сёння мы кажам ім і сабе: “Даверцеся і спазнайце праўду, – адзначыў біскуп. – Існуе ў Беларусі месца сустрэчы чалавека з чалавекам і чалавека з Богам. Гэтым месцам з’яўляецца Будслаў. І мы, пілігрымы, гатовы весці малітоўны дыялог з Маці Езуса Хрыста”. Іерарх адзначыў таксама важнасць малітвы – “асабістай, шчырай і дабравольнай”, якая “дапамагае распазнаць сябе”, і звярнуў увагу, што “ў жыцці чалавека, які не моліцца, няма месца на сустрэчу, кампраміс, разуменне”. Анастасія Грышан |
Фотарэпартаж |