Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Адбылася Нацыянальная пілігрымкa сем’яў: «Няхай пакліканнем кожнай сям’і будзе чыстая любоў»
Беларусь
12.09.2015 18:21

12 верасня да Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў касцёле Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне (Дзевятоўка) прыбылі сем’і з усёй Беларусі ў межах IX Нацыянальнай пілігрымкi сем’яў. Сужэнцы разам са сваімі дзецьмі пажадалі ў гэты дзень даверыцца Марыі, якая нястомна гатова спяшацца з дапамогай да чалавека.

Прысутныя асабліва маліліся ў інтэнцыі сем’яў усёй краіны, а таксама ў інтэнцыі Сінода Біскупаў, прысвечанага сям’і, які ў хуткім часе пройдзе ў Рыме.

Марыя вядзе да іншай рэчаіснасці

IX Нацыянальная пілігрымка сем’яў прайшла пад дэвізам «Любоў – нашае пакліканне. Сям’я, якая жыве ў паўнаце». Гэта дэвіз Сусветнай сустрэчы сем’яў з удзелам Папы Францішка, якая адбудзецца з 22 па 27 верасня ў Філадэльфіі (ЗША). У гэтай сустрэчы таксама прыме ўдзел беларуская дэлегацыя з чатырох чалавек.

У межах Нацыянальнай пілігрымкі сужэнцы разам з дзецьмі ўдзельнічалі ў адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту, многія прыступілі да сакрамэнту пакаяння і паяднання, маліліся святы Ружанец.



 

У адной з канферэнцый а. Анджэй Ядкоўскі CSsR наблізіў прысутным гісторыю культу абраза Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Святар заахвоціў уважліва угледзецца ў абраз Маці Божай, на якім прадстаўлены чатыры асобы: Езус Хрыстус, Марыя, Арханёлы Міхал і Габрыэль. Гэты абраз, як адзначыў святар, быў напісаны, каб «абудзіць нашу надзею і ажывіць малітву».

Айцец Ядкоўскі звярнуў увагу, што праз малітву і пашырэнне культу Маці Божай Нястомнай Дапамогі шмат людзей атрымала патрэбныя ласкі. «Кожны абраз служыць таму, каб быў дыялог, кантакт з іншым чалавекам. Абраз Маці Божай Нястомнай Дапамогі вельмі прыгожы, ён вядзе да іншай рэчаіснасці», – сказаў святар і дадаў, што сапраўдная сустрэча з абразом – гэта штосьці большае, чым знешняя прыгажосць.



 

Сям’я – благаслаўлёнае месца сумеснага жыцця

Урачыстую святую Імшу ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, молячыся падчас яе за ўсе сем’i нашай краiны. Таксама іерарх маліўся аб тым, каб, як адзначыў, «паклiканнем кожнай сям’i была чыстая любоў, аб якой прыгожа піcаў святы Павел i якая нiколi не мiнае, не зайздросцiць, не шукае свайго, не гневаецца i не памятае зла».

Hа пачатку Iмшы біскуп заклiкaў усiх прысутных даверыць Мацi Божай Нястомнай Дапамогi ўсе сем’i, «каб яны сапраўды сталi благаслаўлёным месцам сумеснага жыцця мужчыны i жанчыны, з мэтай дапамагаць адно аднаму, працягваць патомства i яго выхоўваць да хрысцiянскiх каштоўнасцяў». Іерарх заклікаў вернікаў маліцца, каб гэтая пiлiгрымка ўнесла шмат радасцi ў кожную сям’ю, каб яна заўсёды iмкнулася жыць паводле Божага закону.



 

Падчас Імшы сужэнцы аднавілі свае сужэнскія абяцанні, прыгадаўшы дзень заключэння сакрамэнтальнага шлюбу. Адказваючы на пытанні, яны мелі магчымасць нанова адчуць, што пакліканы да любові і стварэння супольнасці жыцця.

Гэты момант, калі сужэнцы з розным стажам сумеснага жыцця становяцца перад алтаром, дазваляе прыгадаць найважнейшую праўду, што мы не адны – з намі Хрыстус, які чакае, каб людзі нанова запрасілі Яго ў сваё жыццё і абаперліся на Яго рукі, бо, калі Ён увойдзе ў наша жыццё, то надасць яму бляск, як прамяні сонца надаюць бляск усяму, на што падаюць – нават на шэрую і недасканалую рэчаіснасць.

Сям’я – месца прабывання Бога

Біскуп Аляксандр Кашкевіч нагадаў шматлікім сабраным сем’ям, што «сучасная сям’я павiнна быць месцам прабывання Бога, бо i Хрыстус прыйшоў у гэты свет у сям’i». Іерарх заахвоціў практыкаваць у сям’і малітву, дадаўшы, што «вельмi добрым момантам, каб распачаць практыку малiтвы ў сям’i, будзе месяц кастрычнiк, асаблiва прысвечаны Мацi Божай».

«Няхай ружанцовая малiтва да Божай Мацi ўзносiцца ў кожнай сям’i нашай краiны. Няхай гэтую малiтву палюбiць кожны чалавек, i малодшы, i ў сталым узросце. Без малiтвы чалавечае сэрца не знойдзе спакою», – сказаў біскуп.



 

IX Нацыянальная пілігрымка сем’яў па традыцыі была арганізавана Радай па справах сям’i пры Канферэнцыi Каталiцкiх Бiскупаў у Беларусi. За ход сустрэчы быў адказным а. Дзмiтрый Лабкоў CSsR, новапрызначаны адказны за душпастырства сем’яў у Гродзенскай дыяцэзii i пробашч парафіi Найсвяцейшага Адкупіцеля ў Гродне, якая і прымала гасцей.

Варта пажадаць, каб Маці Божая Нястомнай Дапамогі ахінала сваёй апекaй сем’і нашай краіны, а Яе матчынае заступніцтва ўчыніла так, каб кожная сям’я ішла ў сваім жыцці дарогай сапраўднага шчасця.

Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.