Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Беларусы на Святой Зямлі: культурная перазагрузка
Беларусь
22.09.2015 06:49

Удзельнікі Нацыянальнай пілігрымкі на Святую Зямлю ў першы дзень праграмы наведалі Гетсіманскі сад, пабачылі малітву «Ойча наш» на беларускай мове ў аднайменным кляштары і памаліліся разам на Імшы ў касцёле Усіх Нацый.

к«Дзе сустракаецца неба з зямлёй»

Ранні вылет з Мінска ўдзельнікам IV Нацыянальнай пілігрымкі быў кампенсаваны выдатнай панарамай у ілюмінатары – магчымасцю непасрэдна назіраць узыход сонца.

Бачыць, як пачынаецца новы дзень з вышыні ў тысячы метраў ад зямлі, — па-сапраўднаму ўражваючае відовішча. Калі б за лепшы такі здымак давалі прэмію, то рэкардсменам стала б фотакарэспандэнт Catholic.by, якая «нашчоўкала» ў палёце не менш за 200 краявідаў.

Першае, што прыкмячаеш, трапляючы ў Ізраіль, — гэта іншы ход часу. Усё, пачынаючы ад клімату і заканчваючы культурай, традыцыямі, ладам жыцця – тут іншае. Напрыклад, гандляры прыдарожных лавак у вялікай колькасці прадаюць не хотдогі ці беляшы, а ваду – сярэдняя тэмпература тут плюс 36.

Тэрыторыя Святой Зямлі – сёння гэта краіны Ізраіль і Палесціны – крыху большая, чым наша Гродзенская вобласць, а жыве на ёй больш за 8 мільёнаў чалавек.

Святая Зямля – вельмі стракаты рэгіён, адценні якога турысты могуць назіраць на свае вочы.

Мы праязджаем праз арабскі квартал. Тут са школы вяртаюцца дзяўчынкі. Рознага росту, з вялікімі заплечнікамі, яны лавіруюць паміж турыстычнымі аўтобусамі. Па-дзіцячы шчырыя і бесклапотныя. Нягледзячы на спёку, многія з іх вельмі цёпла апранутыя: асабліва кідаецца ў вочы «закрытасць» ног – у кожнай з дзяўчынак ногі закрытыя да самых пят…


«Час збіраць камяні»

Што яшчэ кідаецца ў вочы — гэта безліч аліўкавых дрэў, рассаджаных па дзіўнай на першы погляд «гарыстай зямлі»; каты, якія жывуць на вуліцах самі па сабе; аднастайныя белай каробачкай дамкі…

Сезон дажджоў доўжыцца тут чатыры-пяць месяцаў у годзе, у іншы ж час – паўсюдная спёка і ні кроплі вільгаці. Пра ўменне прыстасоўвацца да клімату жыхароў гэтых тэрыторый сведчыць і так званае «тэраснае земляробства»: гэта калі змейкай камянямі тут выкладваюць гарыстыя склоны і пагоркі – утвараючы невялікія рукавы. Калі ідзе дождж, то дзякуючы кукавам з камянёў вада не адразу сцякае ўніз, а затрымліваецца.

Перад сезонам дажджоў тут заўсёды збіралі камяні. Вядомым «ерузалемскім камянём» тут абкладваюць і дамы, якія ў момант становяцца падобнымі адзін да аднаго. Нездарма Ерузалем называюць белым горадам, бо кожны дом згодна з традыцыяй і патрабаваннямі тут абкладваюць белым каменем…

Імша ў касцёле Усіх Нацый

Цэнтральнай падзеяй першага дня для ўдзельнікаў Нацыянальнай пілігрымкі, якія падзелены на тры экскурсійныя групы, стала сумесная святая Імша ў касцёле Мукі Пана (або па-іншаму касцёл Усіх Нацый). Святую Імшу для беларусаў узначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец.

У сваім слове, скіраваным да пілігрымаў, біскуп заклікаў даверыць Богу малітвы і думкі, з якімі беларусы прыбылі на Святую Зямлю, бо «гэта зямля - асаблівая».

Таксама беларускія пілігрымы наведалі кармэліцкі кляштар «Патэр ностэр», даведаліся пра гісторыю забудовы Ерузалема з Аліўнай гары і дэталёва разглядзелі Гетсіманскі сад, у якім маліўся Езус у той час, як Яго вучні заснулі…

Беларускія пілігрымы ў першы дзень свайго падарожжа засыналі ў адным з гатэляў Бэтлеема — на палесцінскай тэрыторыі. Сёння ўсе прачнуліся вельмі рана: з вуліцы на ранішнюю малітву мусульман заклікаў праз мікрафон у мячэці «галоўны святар» – на гадзінніку было 4.50. Але гэта далёка не ўсе сюрпрызы, якія адкрываюць для сябе пілігрымы – малітоўнае падарожжа на Святой Зямлі толькі пачалося.

Ілья Лапато
Фота Аляксандры Шчыглінскай

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.