Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Дэлегацыя з Беларусі прымае ўдзел у Сусветнай сустрэчы сем’яў
Беларусь
23.09.2015 13:36

З 22 па 27 верасня ў Філадэльфіі (ЗША) праходзіць Сусветная сустрэча сем’яў, у якой прымае ўдзел афіцыйная дэлегацыя з Беларусі. Дэлегацыю ўзначальвае біскуп Пінскі і старшыня Рады па справах сям’і беларускага епіскапату Антоні Дзям’янка, іншыя яе члены — сакратар Рады па справах сям’і а. Пётр Фраштэнга OCD і сямейная пара Андрэй Мілееў і Наталля Пан.

22 верасня, на наступны дзень пасля прыбыцця ў Філадэльфію, дэлегацыя з Беларусі сустрэлася з прадстаўнікамі дэлегацыі з Расіі. У 13 гадзін па мясцовым часе адбылося афіцыйнае адкрыццё Сусветнай сустрэчы сем’яў. Прысутных – у цэлым каля 2 тысяч чалавек – прывітаў арцыбіскуп Філадэльфіі Чарльз Шапью. Затым арцыбіскуп Вінчэнца Палья, старшыня Папскай рады па справах сям’і, у сваім выступленні падзякаваў усім сабраным за прыбыццё на сустрэчу, а таксама падзякаваў тым, хто паспрыяў яе арганізацыі.

Затым выступіў дапаможны біскуп архідыяцэзіі Лос-Анджэлеса Роберт Баррон, які засяродзіўся на тэме падабенства чалавека да Бога. Гэтае падабенства, як адзначыў іерарх, вучыць нас утвараць міжчалавечыя адносіны, асабліва ў сям’і. Любоў, міжчалавечыя адносіны з’яўляюцца, па словах біскупа, тымі элементамі, якія працягваюць справу стварэння свету.


Усё гэта, як сказаў выступоўца, здзяйсняецца ў свабодзе, правільна зразуметай. Свабода чалавека, адзначыў іерарх, павінна быць заўсёды абмежавана правам, а права дапамагае належным чынам накіроўваць нашы пачынанні, каб яны вялі да правільнага жыцця. У такім значэнні права, дадаў біскуп, не абмяжоўвае свабоду чалавека, а яго захоўванне робіць нас вольнымі.

Пасля адбылася ўрачыстая святая Імша, якую ўзначаліў арцыбіскуп Чарльз Шапью. Эўхарыстыю канцэлебравалі 5 кардыналаў, 180 біскупаў і каля 500 святароў.

У гаміліі, разважаючы над чытаннем Евангелля, арцыбіскуп Чарльз Шапью засяродзіў увагу на тэалогіі айцоўства і мацярынства. Іерарх адзначыў, што Езус як чалавек не ўхіляўся ад падтрымання чалавечых адносін, але на першае месца ставіў заўсёды малітву і слуханне Бога. Арцыбіскуп дадаў, што будаванне адносін у сям’і павінна заўсёды засноўвацца на спатканні сам-насам з сабой, таму што такім чынам мы сустракаемся з Богам і вучымся слухаць Яго.


У наступныя дні, да прыбыцця Папы Францішка, у межах Сусветнай сустрэчы сем’яў кожны дзень плануюцца канферэнцыі. 26 верасня прысутныя разам са Святым Айцом прымуць удзел у фестывалі сем’яў, а завершыць сустрэчу святая Імша ў нядзелю 27 верасня, якую ўзначаліць Пантыфік.

Сусветная сустрэча сем’яў праводзіцца раз на тры гады. Мінулы раз сем’і з усяго свету збіраліся ў Мілане (Італія). Сёлетняя сустрэча праходзіць пад дэвізам «Любоў – нашае пакліканне. Сям’я, якая жыве ў паўнаце».

(AG)

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.