«Ва ўсё гэта паверыла да такой ступені, што не расказаць». Нацыянальная пілігрымка на Святую Зямлю |
Беларусь |
24.09.2015 10:43 |
Удзельнікі Нацыянальнай пілігрымкі на Святую Зямлю адстаялі двухгадзінную чаргу да месца нараджэння Хрыста, пабачылі Поле пастухоў і наведалі манастыр св. Феадосія, дзе была пахавана Еўфрасіння Полацкая. Дзень за днём
Увесь дзень групы беларускіх пілігрымаў правялі ў межах Бэтлеема на палесцінскай тэрыторыі. Ранішняя святая Імша праходзіла ў касцёле св. Кацярыны (Александрыйскай) побач з базылікай Нараджэння Пана. Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нагадаў вернікам пра значэнне месца, у якім яны знаходзяцца, і заахвоціў да ўнутранай малітвы ў інтэнцыі Беларусі. «Бэтлеем, нягледзячы на багатую гісторыю, не з’яўляецца музеем – тут нарадзіўся Езус, таму гэта жывое месца, — адзначыў іерарх. — Праблема ж сучаснага свету ў тым, што Езус прыходзіць да нас, але мы вельмі часта Яго не распазнаём». Арцыбіскуп заклікаў засяродзіцца ў пошуку адказаў на пытанне: «ці сапраўды Езус нарадзіўся ў маім сэрцы?»
Каля дзвюх гадзін трывалі беларускія пілігрымы ў чарзе да месца нараджэння Хрыста. Базыліка Нараджэння Пана – адна з дзвюх галоўных хрысціянскіх славутасцяў на Святой Зямлі разам са святыняй Гробу Пана. Паток турыстаў і пілігрымаў тут значна большы, чым у іншых месцах, звязаных з жыццём і дзейнасцю Езуса на гэтых землях. З VI стагоддзя святыня амаль не змянялася і сёння занесена ў спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Базыліка Нараджэння Пана лічыцца адной з найбольш старажытных хрысціянскіх святыняў і знаходзіцца сёння ва ўладанні трох Цэркваў: Ерузалемскай Праваслаўнай Царквы, Армянскай Апостальскай Царквы і Рыма-Каталіцкага Касцёла. Кожная з гэтых Цэркваў мае пры базыліцы свае манаскія супольнасці (у католікаў — францішкане). Тут жа знаходзіцца і адна з самых незвычайных выяваў Марыі на абразах – абраз Маці Божай з Дзіцяткам Езусам, дзе Марыя ўсміхаецца. Людзі стаяць гадзінамі, каб пакланіцца месцу нараджэння Хрыста, а калі падыходзіць іх чарга, маюць толькі пару секунд, каб зрабіць гэта. Ёсць нават адмысловыя людзі, якія сочаць, каб ушанаванне было кароткім.
Наступнымі пунктамі праграмы для беларускіх вернікаў стаў Малочны грот, Поле пастухоў і праваслаўны манастыр св. Феадосія. У гроце, дзе, як сведчыць паданне, перад уцёкам Святой Сям’і ад войскаў Ірада Марыя пакарміла Немаўля Езуса і адна з кропель матчынага малака трапіла на сцяну пячоры. Сцяна атрымала ружовы колер, і з таго часу тысячы жанчын здзяйсняюць сюды пілігрымкі, каб памаліцца аб плоднасці. Поле пастухоў і аглядная пляцоўка з відам на Ерузалем і Бэтлеем не толькі нагадалі пра тых, хто першым прыйшоў пакланіцца Хрысту, але і дапамаглі пілігрымам уратавацца ад спёкі. Праваслаўны манастыр св. Феадосія дапамог беларускім пілігрымам перанесціся на Радзіму. У манастыры да таго, як Бэтлеем захапілі мусульмане, была пахавана Еўфрасіння Полацкая. Аднак пасля захопу горада ў XII стагоддзі труна з парэшткамі святой была перанесена ў Феадосіеўскую пячору Кіева-Пячорскай Лаўры.
Першыя дні Нацыянальнай пілігрымкі ўжо мінулі, і яе ўдзельнікі актыўна дзеляцца сваімі ўражаннямі. «Цяпер, калі я пабачыла апісаныя ў Бібліі месцы на свае вочы, я паверыла да такой ступені, што не расказаць», — прызнаецца адна з жанчын-удзельніц пілігрымкі. «Яшчэ сваёй незвычайнасцю мяне вельмі ўразіла культура гэтага рэгіёна, — усхвалявана дадае жанчына. — Я зразумела, як моцна я люблю маю Беларусь – за чысціню, за парадак, за гасціннасць». Архітэктар Ірына Дорахава, якая таксама прымае ўдзел у Нацыянальнай пілігрымцы, адзначае, што, нягледзячы на аднастайнасць архітэктуры ў Ізраілі, яна хацела б больш даведацца пра гэты рэгіён і яе архітэктараў. «Усе пабудовы знешне дастаткова аднародныя. І калі прыжмурыць вочы, можа падацца, што ўсё паміж сабой зліваецца, — адзначае жанчына. — Але як архітэктар я з цікавасцю азнаёмілася б з праектамі дамоў на гэтай зямлі больш падрабязна». Духоўнымі рэкалекцыямі называе Нацыянальную пілігрымку кс. прэлат Андрэй Стэцкевіч і адзначае, што раней ужо наведваў гэтыя мясціны: родная сястра святара – манахіня з Кангрэгацыі Місіянерак Любові – сёння працуе ў Бэтлееме. «Кожны раз, калі я наведваю гэтыя мясціны, маё ўспрыманне Святой Зямлі дапаўняецца, але гэта адны з самых цікавых рэкалекцый, якія толькі могуць быць», — кажа святар. Наперадзе ў пілігрымаў яшчэ чатыры дні. Чым яшчэ іх уразіць Святая Зямля? Ілья Лапато, |
Фотарэпартаж |