Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Сёстры назарэтанкі з Беларусі прынялі ўдзел у Кангрэсе маладых кансэкраваных асобаў у Чэнстахове
Беларусь
28.09.2015 11:41

23-26 верасня законніцы з Кангрэгацыi Сясцёр Найсвяцейшай Сям’і з Назарэта з Беларусі ўдзельнічалі ў ІІ Кангрэсе маладых кансэкраваных асобаў у Чэнстахове (Польшча). Сустрэча праходзіла пад назвай «Радасць кансэкрацыі» і была нагодай да таго, каб паказаць прыгажосць жыцця, прысвечанага выключна Богу.

Кангрэс адбыўся ў межах святкавання Года кансэкраванага жыцця, які зараз перажывае Каталіцкі Касцёл, і ўяўляў сабой адказ на заклік Папы Францішка, каб, адкрываючы прыгажосць кансэкраванага жыцця, падтрымліваць адзін аднаго ў радасным «так» для Евангелля. Кангрэс стаў свайго роду працягам нядаўняй сустрэчы маладых кансэкраваных асобаў з усяго свету ў Рыме. У ім прынялі ўдзел каля 1 тысячы законнікаў і законніц, у тым ліку пяць сясцёр назарэтанак з Беларусі.

У першы дзень удзельнікам прапаноўвалася паразважаць над разнастайнасцю форм і харызматаў кансэкраванага жыцця. У другі дзень гаворка ішла аб крыніцах радасці ў кансэкраваным жыцці. Быў час таксама на супольную малітву, на знаёмства і абмен думкамі.


У трэці дзень удзельнікі разважалі аб крызісе ў кансэкраваным жыцці, а ў чацвёрты — аб тым, як даваць сведчанне. Таму ў гэты дзень законнікі і законніцы ўдзельнічалі ў працэсіі з чэнстахоўскага архікатэдральнага касцёла на Ясную Гару. Працэсія была бачным знакам багацця кансэкраванага жыцця ў Касцёле і яго прысутнасці ў грамадскай сферы.

Кангрэс завяршыўся святой Імшой на Яснай Гары, якую ўзначаліў Апостальскі Нунцый у Польшчы арцыбіскуп Чэлесціно Мільёрэ. Прадстаўнік Святога Айца заахвоціў усіх кансэкраваных асобаў быць для сучаснага свету духоўнымі айцамі і маці.


Кс. Юрый Марціновіч

Фотарэпартаж
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.