Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці апрануў вышыванку на развітанне з беларускай моладдзю |
Беларусь |
13.12.2015 04:11 |
Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці, які завяршае служэнне Апостальскага Нунцыя ў Беларусі, падчас дзялення аплаткай з моладдзю, якая сабралася ў мінскай катэдры ў ноч з 12 на 13 снежня на адвэнтавае чуванне, апрануўся ў вышыванку. «Гэта мой апошні жэст — апошні падарунак — знак таго, наколькі вы мне дарагія», - сказаў арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці перад тым, як апрануць нацыянальную кашулю. Гучныя апладысменты запоўнілі ўсю прастору святыні і доўга не сціхалі.
Пасля слоў падзякі ад моладзі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі сваё развітальнае слова прамовілі прадстаўнікі грэка-каталіцкай моладзі, пасля якіх заспявалі беларускую калядку “Добры вечар” у падарунак. Пасля благаслаўлення аплатак Мітрапалітам Тадэвушам Кандрусевічам моладзь дружнай і вялікай грамадою абступіла “свайго нунцыя”, каб павіншаваць дарагога натхняльніка з надыходзячымі святамі Божага Нараджэння.
«Я ведаю, як вы любіце моладзь, а моладзь — Вас», — яшчэ на пачатку дзялення аплаткай адзначыў Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, звяртаючыся да арцыбіскупа, і гэтыя словы цалкам пацвердзіліся. Моладзь заўсёды адкрыта вітала арцыбіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, які сваім словам і простай чалавечай увагай змог заваяваць маладыя сэрцы, душы і розумы. «Я ад’язджаю, але забіраю ўсіх вас у сваім сэрцы, — запэўніў іерарх моладзь падчас развітальнай прамовы. — Я еду ў краіну, якая вас вельмі добра разумее, вельмі блізкая да вас, краіну, у якой моладзь згубіла ўсё, бо гэтая краіна згубіла мір». Таксама арцыпастыр сказаў моладзі, што менавіта яна складае сям’ю тых, хто ахвяраваўся стаць святаром і жыць у цэлібаце: «Вы — наша сям’я, вы — праяўленне і рэалізацыя нашага айцоўства. Калі мы згубім вас — мы згубім усё. Так жа і ваша краіна: калі яна згубіць вас — яна страціць усё».
«Паабяцайце, — папрасіў арцыбіскуп, — ніколі не пакінуць Езуса, які верны». «Адзінае, што мы можам (рэд.: святары) даць — гэта Божая любоў. І яна з’яўляецца самым прыгожым дарам, які немагчыма купіць за грошы. Яна як цуд. Кожны з вас нарадзіўся з любові двух чалавек. Таму любоў настолькі моцная, што здольная даваць новае жыццё. І вы — гэта жыццё, вы — максімальнае праяўленне жыцця», — сказаў іерарх.
Гэта пацвердзіў чарговы моцны гул апладысментаў, які перыядычна напаўняў катэдру, падтрымліваючы слова духоўнага настаўніка.
Аксана Ючкавіч Фота Аляксандры Шчыглінскай |
Фотарэпартаж |