Пешшу да Марыі: а ты пойдзеш? |
Беларусь |
21.06.2013 14:33 |
Ужо зусім хутка да Маці Божай у Будслаў з розных куткоў Беларусі выйдуць першыя пілігрымкі. Застаўся амаль тыдзень. Па дарогах зноў загучыць «Тэмп 22», ажывуць гітары і бубны — і за плячыма пілігрымаў крок за крокам будуць мінаць дзясяткі кіламетраў. На шляху да Марыі. На гэтай няблізкай дарозе будуць мазалі, спякота і смага, вецер і дождж. Але не толькі гэта. Будзе малітва, будуць песні і будзе час на размову з Богам — у дарозе, падчас прывалаў, на Імшах, падчас начлегаў у незнаёмых людзей. У пілігрымцы шмат хто пачынае задумвацца над сваім жыццём, над планамі і мэтай. Іншыя знаходзяць у Будславе адказ пра сваё пакліканне. І ў кожнага — свая гісторыя. Два гады таму, напярэдадні будслаўскіх урачыстасцяў, па ініцыятыве Catholic.by журналісцкая група ТРК Ангел ТВ «адведвала» пілігрымаў у іх падарожжах. Вынікам праекту стаў шэраг відэаролікаў пра пілігрымкі і іх удзельнікаў. Да ўвагі чытачоў Catholic.by пяць відэаролікаў з гэтага цыклу. «Браслаў-Будслаў» «Ведаеце, гэта пакліканне, гэта нейкі кліч душы. Проста жывеш цэлы год будзённасцю, скажам. І ўжо на пачатку лета нейкі ўнутраны голас кліча: кідай усё, ідзі ў шлях, — дзеліцца сведчаннем Алена Базюк з Вільнюса. — Гэта вера, яднанне людзей, гэта тое, што дадзена Богам». «Увогуле я іду падзякаваць Марыі за нашу дзяўчынку, — сведчыць Алена Казерская з Івянца. — Таму што мы доўга чакалі дзяцей з мужам, і дзякуючы Марыі, малітве ў нас нарадзілася дачка, і таму нясём гэтую радасць». «Мяне заве мая душа. Я іду да Маці Божай, каб выпрасіць у яе ласку, — дзеліцца 69-гадовая Вераніка Гінько з Глыбокага. — Вы ведаеце, колькі Маці Божая спасылае ласкаў для нас, а асабліва калі мы ідзём у пілігрымцы? Мы можам вымаліць за сваіх дзяцей, нават за суседзяў — за ўсіх. Я ў пілігрымку іду восьмы год запар, у студзені мне будзе ўжо 70 гадоў, але ў душы мне 20-22. Настолькі гэтая пілігрымка дае мне сілы, дае зарад на цэлы год». «Будслаў дорыць шмат радасці, еднасці хрысціянскай — тое, што мы ўсе разам, беларусы, збіраемся ў Нацыянальным санктуарыі і праслаўляем разам Бога, і гэта сведчанне таго, што ўсё будзе добра ў нас і што яшчэ не згублена надзея. І правільна, што мы шукаем яе ў Бога ў першую чаргу», — гаворыць Тома Сарачынская з Барысава. «Гэтая пілігрымка становіцца для мяне знакам. Знакам для мяне, знакам для Бога і знакам для маёй нявесты, якая тут адказвае за вельмі сур’ёзную работу — яна вядзе гэтую пілігрымку, — расказвае Аляксей Смірноў з Маладзечна. — І гэта знак для Бога, таму што я верны Яго пакліканню: Ён мне дае сужэнства, Ён мне дае нявесту, Ён мне дае сям’ю і абяцанне ў тым, што праз гэта я буду ісці да Яго». Падрыхтаваў Ілья Лапато OCDS |