Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Каранаванне марыйных абразоў — знак асаблівай пашаны
Беларусь
11.08.2009 23:27

Апошнім часам у Беларусі ўсё часцей узгадваюць пра каранацыю марыйных абразоў. Звязана гэта, перш за ўсё, з частым ускладаннем папскіх каронаў на цудоўныя марыйныя абразы ў нашай краіне: толькі ў гэтым годзе такога гонару ўдастоена Маці Божая Тракельская, а 22 жніўня адбудзецца каранацыя абраза Маці Божай Браслаўскай. Таму варта ўзгадаць значэнне каранацыі і гісторыю ўскладання папскіх каронаў на цудоўныя абразы.

Карона (лац. corona — вянец, вянок) з даўніх часоў з’яўлялася сімвалам улады, знакам павагі і моцы.

Першая ўрачыстая каранацыя абраза Маці Божай званага de Febribus адбылася 27 жніўня 1631 г., падчас пантыфікату Урбана VІІІ, у харальнай капліцы ў базыліцы святога Пятра.

З цягам часу было вырашана, што Ватыканская Капітула зможа каранаваць цудоўныя выявы Маці Божай і па-за Рымам. Але кожны абраз можа быць каранаваны толькі адзін раз.

Абразы, якія атрымалі дазвол на каранацыю, павінны былі не толькі здаўна ўшаноўвацца, але і славіцца як цудадзейныя. Гэтыя ўмовы павінен быў пацвердзіць мясцовы біскуп, які падаваў прашэнне аб каранацыі. У выпадку згоды Капітула прызначала дзень каранацыі і каранатара (звычайна мясцовага біскупа), а таксама хадайнічала ў Папы аб поўным адпушчэнні грахоў для тых, хто пасля споведзі і святой Камуніі ўшануе цудоўны абраз.

У межах Рэчы Паспалітай ушанаванне Маці Божай заўсёды вызначалася асаблівай пабожнасцю. На 1768 г. на яе тэрыторыі налічвалася больш за 100 цудадзейных абразоў Маці Божай (а паводле Т. Рэвалінскага на 1885 г. — 400). Першая каранацыя адбылася 8 верасня 1717 г. у Чэнстахове. У Вялікім Княстве Літоўскім — 4 верасня 1718 г. — у Троках.

На тэрыторыі сучаснай Беларусі былі каранаваны два абразы: 19 верасня 1730 г. абраз Маці Божай Жыровіцкай (каранатар Афанасій Шэптыцкі, Мітрапаліт Кіеўскі) і абраз Маці Божай Бялыніцкай 20 верасня 1761 г. (каранатарам з’яўляўся Юры Мікалай Гільзен, біскуп Смаленскі).

Пасля абрад каранацыі марыйных абразоў у Беларусі спыніўся на дастаткова доўгі час. Толькі ў 1996 г. папскія кароны былі ўскладзены на абраз Маці Божай Берасцейскай, а пасля гэтага гонару былі ўдастоены яшчэ пяць абразоў: Маці Божай Лагішынскай (1997 г.), Маці Божай Будслаўскай (1998 г.), Маці Божай Кангрэгацкай у Фарным гродзенскім касцёле (2005 г.), Маці Божай Гудагайскай (2007 г.), Маці Божай Тракельскай (2009 г.). Дзевятым каранаваным абразом Маці Божай на Беларусі стане Браслаўская Валадарка Азёр, на якую 22 жніўня 2009 г. папскія кароны ўскладзе кардынал Ёахім Майснер, арцыбіскуп Кёльнскі.

З больш падрабязнай гісторыяй каранавання абразоў можна пазнаёміцца ў артыкуле А. Шпунта на старонцы «Нашай веры».

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.