Кардынал Казімір Свёнтэк адзначыў сваё 95-годдзе |
Юбілеі |
21.10.2009 14:55 |
95-годдзе адзначыў 21 кастрычніка 2009 г. кардынал Казімір Свёнтэк,
Апостальскi Адмiнiстратар Пінскай дыяцэзіі, арцыбіскуп Мітрапаліт
Мінска-Магілёўскі на пенсіі. На святочнай літургіі ў пінскай катэдры
Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі разам з адным з найстарэйшых
іерархаў у свеце маліліся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп
Тадэвуш Кандрусевіч, дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір
Велікаселец, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі
Архімандрыт Сяргей Гаек, ардынарый дыяцэзіі Лімбурга Франц-Пэтэр ван
Тэбарц Элст (Германія), выкладчыкі і навучэнцы пінскай семінарыі,
шматлікія святары, законнікі і законніцы, вернікі. Гамілію прамовіў Мітрапаліт Кандрусевіч, які падкрэсліў важнасць асобы кардынала не толькі для Касцёла ў Беларусі, але і для Паўсюднага Касцёла. «Ваша Эмінэнцыя, на працягу доўгіх гадоў і ў цяперашні час Вы з’яўляецеся тым, хто падказвае каталіцкай супольнасці, у якім накірунку ёй ісці, — падкрэсліў арцыпастыр. — Ваша асоба матывуе да таго, каб няспынна развівацца і імкнуцца наперад. Сапраўдным натхненнем для кожнага з нас з’яўляецца Ваш малады пранікнёны позірк і духоўная моц. Мы бяром з Вас прыклад. Вядзіце нас далей!». Па словах Мітрапаліта, у гісторыі жыцця найстарэйшага беларускага іерарха нібыта змяшчаецца гісторыя многіх людзей. Важна, што кардынал заўсёды захоўваў веру і вернасць свайму святарскаму пакліканню. Быў прызначаны біскупам, арцыбіскупам, потым кардыналам. Быў першым Мінска-Магілёўскім арцыбіскупам пасля аднаўлення структур Каталіцкага Касцёла ў Беларусі. На яго долю выпаў складаны час, калі неабходна было адбудоўваць Касцёл, рэпрэзентаваць яго за мяжой, рыхтаваць новых святароў. Кардынал адчыніў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Гродне, заснаваў выдавецтва «Про Хрысто» ў Мінску, пры ім быў перакладзены і выдадзены Імшал на беларускай мове. Асабіста для Мітрапаліта кардынал з’яўляецца сімвалам веры і вернасці, а таксама прыкладам у дынамічным служэнні: кардынал і сёння прымае актыўны ўдзел у жыцці Касцёла. У віншаваннях, скіраваных да свайго брата ў святарстве, арцыбіскуп Кандрусевіч пажадаў, каб кардынал працягваў жыць той надзеяй, якой кіраваўся ў сваім жыцці, захоўваў гумар, якім заўсёды адрознівалася яго асоба, і надалей служыў Касцёлу і людзям — «як і зараз, нібыта малады духам святар». Пасля Эўхарыстыі па традыцыі юбіляр, а разам з ім і ўсе прысутныя маліліся каля труны Слугі Божага Зыгмунта Лазінскага. |
Фотарэпартаж |