Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Слова Жыцця на сакавiк 2017
02.03.2017 18:23

«Паяднайцеся з Богам» (пар. 2 Kар 5, 20)

Прэзентацыя >>>

У многіх краінах свету iдуць бясконцыя крывавыя войны, якія руйнуюць сем’і, плямёны, народы. Дваццацігадовая Глорыя распавядае: «Мы даведаліся, што адну вёску спалілі, і многія яе жыхары страцілі ўсё, што мелі. Разам са сваімі сябрамі я распачала збор неабходных рэчаў, такіх як матрацы, адзенне, прадукты... Мы паехалі адвезці гэтыя рэчы і праз восем гадзін шляху сустрэліся з тымі людзьмі. Яны былі ў роспачы... Мы слухалі іх аповеды, выцiраючы слёзы, і суцяшалi... Адна сям’я расказала: “Наша дачка была ў доме, які згарэў. Нам здавалася, што мы памерлі там разам з ёю. Цяпер праз вашую любоў мы знаходзім у сабе сілы, каб прабачаць тым, хто вінаваты ў нашай трагедыі”».

Святы Павел таксама меў падобны досвед. Менавіта ён — ганіцель хрысціянаў — зусім нечакана сустрэў на сваім шляху цалкам бескарысную любоў Бога, які потым зрабіў Яго прапаведнікам паяднання ў Ягонае імя. Ён стаў гарачым і надзейным сведкам таямніцы Езуса, Яго смерцi і ўваскрасення, праз якія Бог паяднаў з сабою свет, каб кожны мог спазнаць жыццё ў адзінстве з Ім і з братамі. Дзякуючы святому Паўлу евангельскi заклiк да паяднання з Богам дасягнуў i захапiў нават язычнікаў, якіх лічылi нягоднымі збаўлення.

Гэтак жа i мы, нягледзячы на памылкі, якія нас знеахвочваюць, нягледзячы на ілюзію ілжывых гарантый таго, што мы без гэтага абыдземся, дазволiм, каб Божая мiласэрнасць — гэтая бясконцая любоў — вылечыла нашыя сэрцы, каб мы былі здольныя падзяліцца гэтым скарбам з іншымі.

Так мы зможам зрабiць свой уклад у рэалізацыю Божага плана супакою для ўсяго чалавецтва і для ўсiх стварэнняў, плана, якi пераўзыходзіць чалавечыя супярэчнасцi, як адзначала К’яра Любіч ў адным са сваіх тэкстаў: «...На крыжы, у смерцi свайго Сына, Бог даў нам найвялікшы доказ сваёй любовi. Праз крыж Хрыстус паяднаў нас з сабою. Гэтая фундаментальная праўда нашай веры і сёння з’яўляецца актуальнаю ва ўсёй сваёй паўнаце.

Вось адкрыццё, якога чакае ўсё чалавецтва: Бог блізкі да ўсіх праз сваю любоў і Ён любіць кожнага гарачай любоўю. Наш свет патрабуе, каб яму пра гэта сказалi. Аднак мы можам абвяшчаць гэтую праўду толькі тады, калі спачатку абвесцiм яе самiм сабе і будзем нагадваць пра яе самім сабе да той пары, пакуль не адчуем, што нас агарнула гэтая любоў, нават калі будзе здавацца, што ўсе абставіны супярэчаць гэтаму. (...) Уся нашая пастава павінна пацвярджаць гэтую праўду, і дзеля гэтага трэба паяднацца з братам ці сястрой, калі б яны мелі нешта супраць нас (Мц 5, 23–24). Давайце любіць адно аднаго так, як Ён палюбіў нас, без асуджэння і забабонаў, але з адкрытым прыняццем і ясным разуменнем таго, што з’яўляецца пазiтыўным у нашым блiжнiм, з гатоўнасцю аддаць жыццё адно за аднаго. Гэта самая важная запаведзь Езуса, яна павінна адрознiваць хрысціянаў, што гэтак жа важна сёння, як і ў дні першых хрысціянаў. Жыць гэтым словам азначае стаць прыладамі паяднання».

Жывучы такім чынам мы ўзбагацім нашыя дні жэстамi сяброўства, паяднаннем у сем’ях і паміж сем’ямі, у Касцёле і памiж Цэрквамi, у кожнай суполцы, свецкай альбо рэлігійнай, да якой мы належым.

Летыцыя Магры

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.