| Фота А. Дыбоўскага |
Адрас: вул. Савецкая, 6 г. Орша Аршанскі р-н Віцебская вобл. Рэспубліка Беларусь 211391
Тэл.: (8–0216) 518435z Расклад набажэнстваў (магчымы змены) - Св. Імша ў нядзелю і святы — 09.00, 11.00, 18.00
- Св. Імша ў будні: пн, ср, сб — 08.00; аўт, чц, пт — 18.00
Адпусты: урачыстасць св. Юзафа – 19 сакавіка aЗ гісторыі парафіі
Орша была калісьці авангардам каталіцызму, асяродкам яго жыцця на Белай Русі. Шматлікія законнікі адтуль праводзілі душпастырскую працу, адтуль пашыралі каталіцкую веру. Калісьці тут былі кляштары езуітаў, базыльянаў, францішканцаў, бэрнардынцаў, трынітарыяў; жаночыя – базыльянак і марыявітак.
Гісторыя цяперашняй парафіі св. Юзафа ў Оршы налічвае больш за 350 гадоў. У 1649 г. на гэтым месцы быў пабудаваны першы драўляны касцёл пад тытулам Анёлаў (апекуноў літоўскай правінцыі) і кляштар дамініканцаў, фундаваны князем Геранімам Альбрэхтам Друцкім-Сакальніцкім, старостам лучанскім, паводле прывілею караля Уладзіслава IV.
Раней у Оршы было 5 мураваных касцёлаў і два драўляныя. Новы мураваны касцёл пад тытулам св. Юзафа Абручніка, у стылі позняга барока, дамінуючага на Беларусі з XVII ст., пабудаваны намаганнямі прыёра Лявона Пузыны ў 1819 г. З 1832 г. з’яўляецца парафіяльным. У 1845–1847 гг., пасля касацыі ордэна дамініканцаў, касцёл з’яўляецца адзінай каталіцкай святыняй у Оршы. Кляштары езуітаў, бэрнардынцаў, трынітарыяў і базыльянаў былі зачынены ў 1832 г. Па-езуіцкі касцёл прадалі габрэям, святыню бэрнардынцаў перарабілі пад вайсковы шпіталь, трынітарскую – у праваслаўны сабор, базыльянскі касцёл – пад царкву і кляштар. Орша была месцам працяглых крывавых бітваў і часта пераходзіла з рук у рукі. У 1863 г. скасавалі і францішканскі касцёл, яго перарабілі пад вязніцу. Пасля 1863 г. былі разбураныя вежы парафіяльнага касцёла – як пакаранне ўладаў за актыўны ўдзел католікаў у паўстанні пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.
У 1937 г. касцёл быў зачынены камуністычнымі ўладамі. Пасля вайны, у 60-я – 70-я гады, яго прызначылі пад кінатэатр, пасля – пад клуб. У 80-я гг. будынак касцёла стаяў пусты і мясцовыя ўлады вырашылі разабраць яго. Святыню вярнулі вернікам у 1989 г.
Парафія і касцёльны камітэт было зарэгістраваны 18.02.1990 г. Першым пробашчам касцёла стаў кс. Ян Вайткевіч – марыянін з Польшчы. Пасля – у 1992–1994 гг. – пробашчам быў кс. Войцех Сакалоўскі, таксама марыянін з Польшчы. Пасля яго ад’езду ў Казахстан у верасні 1994 г. пробашчам стаў кс. Яраслаў Гыбза, марыянін, а з 2002 г. – кс. Чэслаў Курэчка. У парафіі працуюць сёстры пасіяністкі, першыя з якіх прыехалі ў Оршу ў 1993 г.
Парафія змянілася, ад 20 асобаў старэйшага ўзросту ў 1990 г. да цяперашніх 300 чалавек, сярод якіх шмат дзяцей, моладзі і інтэлігенцыі. У касцёле арганізуюцца канцэрты класічнай і рэлігійнай музыкі, тэатральныя імпрэзы, праходзяць евангелізацыйныя рэкалекцыі. Дзейнічае кола Жывога Ружанца, малітоўная харызматычная група, супольнасць міністрантаў, парафіяльны хор, гурт спевакоў, тэатральная група. Праводзіцца харытатыўная праца па дапамозе бедным і шматдзетным сем’ям (усяго каля 150 асобаў, якія пражываюць на тэрыторыі парафіі). Праходзяць экуменічныя сустрэчы з удзелам праваслаўных і пратэстантаў, арганізуюцца апостальскія акцыі ў мясцовых дамах культуры, дамах састарэлых і ў месцах зняволення.
|