Відэапасланне Святога Айца Бэнэдыкта XVI да католікаў і да ўсіх людзей Злучаных Штатаў Амерыкі |
15.04.2008 20:42 |
«Хрыстус — наша надзея» — так гучыць дэвіз Апостальскага візіту Бэнэдыкта XVI у ЗША, які распачнецца 15 красавіка 2008 г. У сувязі з гэтай падзеяй 8 красавіка Святы Айцец звярнуўся з відэапасланнем да жыхароў краіны.
Дарагія браты і сёстры ў Злучаных Штатах Амерыкі! Любоў і мір Бога Айца і Пана нашага Езуса Хрыста няхай будуць з усімі вамі! Усяго праз некалькі дзён я распачну маё апостальскае падарожжа ў вашу ўмілаваную краіну. Перад сваім ад’ездам я хацеў бы звярнуцца да вас з сардэчным прывітаннем і заклікам да малітвы. Як вы ведаеце, я змагу наведаць толькі два гарады: Вашынгтон і Нью-Йорк. Нягледзячы на гэта, мэтай майго візіту з’яўляецца жаданне падтрымаць духоўную сувязь з усімі католікамі ў Злучаных Штатах Амерыкі. У той жа час я шчыра спадзяюся, што мая прысутнасць сярод вас стане братнім жэстам, звернутым да ўсіх мясцовых касцёльных супольнасцяў, знакам сяброўства для прадстаўнікоў іншых веравызнанняў і ўсіх людзей добрай волі. Уваскрослы Пан даверыў апосталам і Касцёлу сваё Евангелле любові і міру, каб яно абвяшчалася ўсім народам. У дадзены момант я жадаю выказаць сваю падзяку, бо добра ведаю, што шмат людзей, як у касцёльным асяроддзі, так і ў дзяржаўных установах, ужо працяглы час працуюць над падрыхтоўкай майго падарожжа. Я асабліва ўдзячны ўсім, хто моліцца за паспяховыя вынікі гэтага візіту, бо малітва — гэта самае галоўнае! Дарагія сябры, я кажу гэта, бо перакананы, што без малітвы, без глыбокага паяднання з Богам нашы чалавечыя памкненні былі б марнымі. Гэтаму вучыць нас вера. Гэта Бог збаўляе нас, збаўляе свет і ўсю гісторыю. Ён — Пастыр свайго народа. Я, пасланы Езусам Хрыстом, прыязджаю да вас, каб несці Яго Слова жыцця. Разам з вашымі біскупамі я выбраў дэвізам свайго апостальскага падарожжа тры простыя, але прынцповыя словы: «Хрыстус — наша надзея». Ідучы за маімі паважанымі папярэднікамі Паўлам VIі Янам Паўлам ІІ, я ўпершыню за час свайго пантыфікату прыязджаю ў Злучаныя Штаты Амерыкі, каб абвяшчаць вялікую праўду пра тое, што Езус Хрыстус — надзея для мужчын і жанчын усіх моваў, расаў, культураў і сацыяльных статусаў. Так, Езус Хрыстус — гэта аблічча Бога, прысутнага сярод нас. Дзякуючы Яму наша жыццё дасягае паўнаты і мы разам можам ствараць сям’ю людзей і народаў, аб’яднаных братняй любоўю, паводле спрадвечнай задумы Бога Айца. Я ведаю, наколькі глыбока ўкаранёна гэтае евангельскае пасланне ў вашай краіне! Я прыязджаю, каб падчас набажэнстваў і сустрэчаў дзяліцца ім з вамі. Я вязу таксама пасланне хрысціянскай надзеі Асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, прадстаўнікам усіх народаў свету. Бо сёння, як ніколі дагэтуль, свету патрэбна надзея — надзея на мір, справядлівасць, свабоду. Аднак гэтая надзея ніколі не зможа спраўдзіцца без паслухмянасці Божаму закону, які Хрыстус споўніў у запаведзі ўзаемнай любові. Рабіце іншым тое, што вы хацелі б, каб рабілі вам, і пазбягайце таго, што не хацелі б, каб рабілі вам. Гэтае „залатое правіла“, сфармуляванае ў Бібліі, мае значэнне для ўсіх, нават няверуючых людзей. Гэта правіла запісана ў чалавечым сэрцы. Усе мы можам адносна яго згадзіцца. Калі вырашаем іншыя пытанні, можам рабіць гэта станоўча і канструктыўна для ўсёй чалавечай супольнасці. (Па-іспанску.) Сардэчнае прывітанне скіроўваю да іспанамоўных католікаў. Запэўніваю вас у сваёй духоўнай блізкасці — асабліва да моладзі, хворых, людзей пажылога ўзросту і тых, хто перажывае жыццёвыя цяжкасці. Я горача жадаю быць сярод вас у гэтай умілаванай краіне. Заклікаю вас няспынна маліцца ў інтэнцыі пастырскага плёну майго апостальскага падарожжа і несці высока ўзнятаю паходню надзеі на Уваскрослага Хрыста. (Па-англійску.) Дарагія браты і сёстры, дарагія сябры ў Злучаных Штатах Амерыкі. Я вельмі жадаю быць побач з вамі! Я хачу, каб вы ведалі, што, хоць маё падарожжа будзе кароткім і з абмежаваным усяго некалькімі запланаванымі сустрэчамі, сэрцам я буду з усімі вамі, асабліва з хворымі, слабымі, самотнымі людзьмі. Яшчэ раз дзякую вам за духоўную падтрымку маёй місіі. З любоўю абдымаю вас, просячы для вас матчынай апекі Найсвяцейшай Панны Марыі. (Па-іспанску.) Няхай Панна Марыя спадарожнічае і апякуецца вамі. Няхай Бог благаславіць вас! Паводле KAI
|