Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Першая прэс-канферэнцыя з пачатку канклаву ў Ватыкане
Дзяржава Ватыкан
13.03.2013 16:26

У Ватыкане адбылася першая прэс-канферэнцыя з пачатку канклаву, які праходзіць зараз. Кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы кс. Фэдэрыка Ламбардзі адзначыў, што Касцёл перажывае «надзвычай прыгожы і напружаны момант».

Па словах святара, якія прыводзіць італьянская рэдакцыя Ватыканскага радыё, зараз настала рашаючая фаза гэтага месяца з часу абвяшчэння Бэнэдыктам XVI свайго рашэння сысці ў адстаўку. Ксёндз Ламбардзі ўзгадаў пра мноства вернікаў, якія, сабраўшыся на плошчы Святога Пятра, з хваляваннем чакалі дыму з коміну над Сікстынскай капэлай — колькасць гэтых людзей, дадаў святар, нават перавысіла яго чаканні. Сярод іх пастаянныя жыхары Рыма, пілігрымы і турысты, якія любяць Папу.

Кажучы пра адмоўныя вынікі галасавання, якое праходзіла вечарам 12 сакавіка і раніцай 13 сакавіка, кіраўнік Прэс-службы Апостальскай Сталіцы адзначыў, што такі вынік з’яўляецца больш ці менш чаканым, бо ўчора вечарам практычна ніхто не спадзяваўся на тое, што з коміну з’явіцца белы дым — у тым ліку людзі, прысутныя на плошчы. Па словах святара, не чакалі гэтага і раніцай 13 сакавіка, і гэта можна назваць поўнасцю нармальным.

Ксёндз Ламбардзі нагадаў у сувязі з гэтым пра гісторыю абрання Папаў у мінулым стагоддзі, многія з якіх былі абраны не на першых галасаваннях.

Святар паведаміў і пра тое, што ўчора ў другой палове дня сустрэўся ў Сікстынскай капэле з прэфектам Папскага дому арцыбіскупам Георгам Генсвайнам, ад якога атрымаў навіны пра Рымскага Пантыфіка на пенсіі. Арцыбіскуп паінфармаваў, што Бэнэдыкт XVI з вялікай увагай і духоўным удзелам сачыў па тэлебачанні за святой Імшой «Pro eligendo Pontifice» (Аб абранні Пантыфіка), якая папярэднічала пачатку канклаву, і за яго распачаццем да зачынення дзвярэй Сікстынскай капэлы.


(AG)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.