Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
«100 пытанняў — 100 адказаў». Чаму CМІ не маглі прадбачыць абранне папы Францішка?
Рубрыка Ватыканскага радыё
26.03.2013 15:31

13 сакавіка, пасля развітання з Бэнэдыктам XVI і перыяду sede vacante, Касцёл атрымаў новага Папу. Час, які прамінуў з 11 лютага, быў вельмі інтэнсіўным і характарызаваўся вялікай увагай з боку СМІ да падзей, якія адбываліся ў Ватыкане. Толькі ў Вечным горадзе іх штодзённа асвятлялі больш за 5 тысяч журналістаў.

Іх цікавіла ўсё: імя і вопратка Папы на пенсіі, ці будзе ён насіць чырвоныя туфлі, ці існуе адзінства сярод кардыналаў, ці паўплываюць на выбар новага Папы скандалы, звязаныя з уцечкай інфармацыі, і трагедыя сексуальных злачынстваў, ці шмат кардыналы абмяркоўваюць грашовыя справы і г.д. Прэс-служба Апостальскай Сталіцы пераўтварылася ў сапраўдную скарбніцу цікавай, аператыўнай і часта сенсацыйнай інфармацыі. За складаную самаахвярную штодзённую працу, звязаную з каментарамі, адказамі на пытанні і тлумачэннямі, у адносінах да яе кіраўніка кс. Фэдэрыка Ламбардзі журналісты пачалі выкарыстоўваць тытул «santo subito» — «адразу святы».

Сапраўды, чым можна патлумачыць гатоўнасць штодзённа сустракацца з журналістамі і адказваць на пытанні самага рознага кшталту на працягу некалькіх гадзін? Напэўна, жаданнем дасягнення адной мэты: зрабіць Касцёл зразумелым. Патлумачыць, чым ён жыве, што яго цікавіць і чаго ён патрабуе. Іншае пытанне: а ці на самой справе цікава каму-небудзь, што думае Касцёл?

Нягледзячы на даволі добрую працу журналістаў, якую адзначыў не толькі кс. Ламбардзі, але і новаабраны Папа, можна сказаць, што дынаміка развіцця Касцёла стала рабіцца зразумелай значна пазней. Не падчас каментароў і адказаў на пытанні кс. Ламбардзі, не падчас шматлікіх інтэрв’ю кардыналаў, але пасля таго, як новаабраны Папа ўзяў сабе імя бедняка з Асізі, ехаў на аўтобусе з кардыналамі, знянацку наведаў хворага сябра ў бальніцы, пасля таго, як усе ўбачылі яго старыя паношаныя боты пад белай сутанай, як ён абдымае вернікаў пасля нядзельнай св. Імшы і калі пачулі словы: «Без крыжа Касцёл не ідзе наперад». Толькі тады стала адкрывацца, якая дынаміка Касцёла, чаго ён патрабуе і, канешне, што абмяркоўвалі паміж сабой кардыналы.

Тыя, хто быў на плошчы Св. Пятра ці глядзеў трансляцыю па тэлебачанні, маглі заўважыць, колькі здзіўлення выклікала імя, прамоўленае кардыналам-протадыяканам з балкона цэнтральнай лоджыі ватыканскай базылікі: кардынал Берголіа. Папам аказаўся зусім не той, на каго ставілі букмекеры, не той, пра каго рабілі каментары вядомыя ватыканісты, не той, пра каго апавядалі некаторыя, як яны самі сябе называюць, cамыя папулярныя інфармацыйныя каналы ў Еўропе. У чым тут справа? Чаму так здарылася? Чаму ніхто не мог прадбачыць абранне менавіта такога Папы?

Адказ на гэтае пытанне можна атрымаць, паглядзеўшы на сітуацыю праз прызму словаў, скіраваных Бэнэдыктам XVI падчас аднаго са сваіх апошніх «майстар-класаў» (так назвалі каментатары геніяльную імправізаваную паўтарагадзінную прамову Папы да святароў Рымскай дыяцэзіі 14 лютага). Словы Пантыфіка былі прысвечаны Другому Ватыканскаму Сабору, а іх апошняя частка — адносінам паміж Саборам і СМІ.

Папа звярнуў увагу на тое, што існуюць два Саборы: адзін сапраўдны, а другі — «віртуальны». Першы праходзіў на самой справе, а другі стварылі СМІ. Сабор імі прадстаўляўся перш за ўсё ў выглядзе барацьбы за ўладу ўнутры Касцёла, у той час як фундаментальныя рэчы, якія на ім адбываліся, не заўважаліся. Сёння не шмат што змянілася: жыццё Касцёла паказваецца ў палітычных ці эканамічных катэгорыях, у той час як яго сапраўднае жыццё застаецца незразумелым, нераскрытым, незаўважаным.

Перыяд, які папярэднічаў абранню на Пасад св. Пятра папы Францішка, можна параўнаць з такой сітуацыяй. Многія СМІ стварылі «віртуальныя кангрэгацыі» і «віртуальны канклаў», які прадстаўлялі праз прызму катэгорый, што зусім не маюць дачынення да дынамікі і логікі жыцця Касцёла. Нібыта паміж сабой кардыналы абмяркоўвалі выключна сексуальныя злачынствы, карупцыю ў Ватыкане і грашовыя справы. «Гэтыя пытанні абмяркоўваюцца? Так. Ці дамінуюць? Не», — пісаў у сваім блогу амерыканскі кардынал Цімаці Долан.

Пра такое памылковае бачанне жыцця Касцёла папа Францішак цудоўна сказаў падчас сустрэчы з журналістамі 16 сакавіка. Ён адзначыў, што «касцёльныя падзеі маюць асаблівую характарыстыку: яны не адпавядаюць зямной логіцы». «Касцёл, нягледзячы на тое, што з’яўляецца чалавечым інстытутам, гістарычным, (...) мае не палітычную прыроду, а выключна духоўную: гэта Народ Божы. Святы Народ Божы, які крочыць на сустрэчу з Езусам Хрыстом. Толькі гледзячы ў гэтай перспектыве, можна цалкам зразумець, як Каталіцкі Касцёл дзейнічае», — сказаў Пантыфік.

Дык што ж абмяркоўвалі кардыналы паміж сабой на самой справе? Каб зразумець гэта, дастаткова яшчэ раз паглядзець на тыя шматлікія інтэрв’ю, якія кардыналы далі за апошні час. У іх адзначаліся тры галоўных рэчы: неабходнасць абвяшчэння Евангелля, святасць Касцёла і сведчанне любові. Многія падкрэслівалі, што Папам павінен быць перш за ўсё не эфектыўны менеджэр, але чалавек глыбокай веры, чалавек Евангелля, чалавек, які будзе валодаць дзвюма мовамі — боскай і чалавечай. Убачыўшы, якога Папу выбралі кардыналы, стала канчаткова зразумела, пра якія патрэбы Касцёла яны думалі ў першую чаргу.

Як трапна заўважыла адно італьянскае выданне, выбарам папы Францішка Касцёл, па-першае, даў добры ўрок тым, хто любіць рабіць прагнозы, а па-другое, «паказаў, што ніколі не перастае здзіўляць, робячы крокі наперад, калі ўсе чакаюць крокаў назад».

Аляксандр Панчанка

tt


Шаноўныя сябры, калі б у рамках рубрыкі Ватыканскага радыё вы хацелі б атрымаць адказ на пытанні, якія вас цікавяць ці турбуюць, пішыце на адрас: Redazione bielorussa, Piazza Pia 3, 00120, Città del Vaticano, або на e-mail: bela@vatiradio.va

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.