У Ватыкане стварылі памятны медаль Года Міласэрнасці |
Дзяржава Ватыкан |
30.12.2015 10:40 |
Яго аўтарам з’яўляецца італьянская мастачка і скульптар Марыянджэла Крышоці, якая ўжо на працягу некалькіх гадоў супрацоўнічае з Ватыканам. Медаль выкананы ў трох версіях: з золата, срэбра і бронзы. На яго аверсе размешчана выява герба Папы Францішка і надпіс на лацінскай мове: «IUBILAEUM EXTRAORDINARIUM MISERICORDIAE 2015» (Надзвычайны Юбілей Міласэрнасці 2015), а таксама подпіс аўтара. На гурце выбіты словы «E CIVITATIS VATICANA» (Дзяржава Ватыкан) і нумар медаля. На рэверсным баку размешчана дэталь карціны Рэмбранта «Вяртанне блуднага сына», якая захоўваецца ў Дзяржаўным Эрмітажы ў Санкт-Пецярбургу. Цікавым фактам з’яўляецца тое, што адна рука евангельскага бацькі – мужчынская, а другая – жаночая. Гэта сімвалізуе шлях Божага прабачэння – ад Айца, праз Касцёл (у лацінскай мове Касцёл – «Ecclesia» – жаночага роду). На рэверсе медаля таксама размешчаны радок са 135 псальма: «IN AETERNUM MISERICORDIA EIUS» (Твая міласэрнасць навекі). Кожны экземпляр медаля суправаджаецца гарантыйным сертыфікатам, пранумераваным і зацверджаным пячаткай Дзяржсакратарыята і Італьянскага манетнага двара. Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV) |