Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Ватыкане стварылі памятны медаль Года Міласэрнасці
Дзяржава Ватыкан
30.12.2015 10:40

З 4 студзеня наступнага года калекцыянеры змогуць набыць ватыканскі памятны медаль, адчаканены з нагоды Юбілейнага Года Міласэрнасці.

Яго аўтарам з’яўляецца італьянская мастачка і скульптар Марыянджэла Крышоці, якая ўжо на працягу некалькіх гадоў супрацоўнічае з Ватыканам. Медаль выкананы ў трох версіях: з золата, срэбра і бронзы.

На яго аверсе размешчана выява герба Папы Францішка і надпіс на лацінскай мове: «IUBILAEUM EXTRAORDINARIUM MISERICORDIAE 2015» (Надзвычайны Юбілей Міласэрнасці 2015), а таксама подпіс аўтара. На гурце выбіты словы «E CIVITATIS VATICANA» (Дзяржава Ватыкан) і нумар медаля.

На рэверсным баку размешчана дэталь карціны Рэмбранта «Вяртанне блуднага сына», якая захоўваецца ў Дзяржаўным Эрмітажы ў Санкт-Пецярбургу. Цікавым фактам з’яўляецца тое, што адна рука евангельскага бацькі – мужчынская, а другая – жаночая.

Гэта сімвалізуе шлях Божага прабачэння – ад Айца, праз Касцёл (у лацінскай мове Касцёл – «Ecclesia» – жаночага роду). На рэверсе медаля таксама размешчаны радок са 135 псальма: «IN AETERNUM MISERICORDIA EIUS» (Твая міласэрнасць навекі).

Кожны экземпляр медаля суправаджаецца гарантыйным сертыфікатам, пранумераваным і зацверджаным пячаткай Дзяржсакратарыята і Італьянскага манетнага двара.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.