Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У бібліятэцы Ватыкана адбудзецца прэзентацыя гравюры да Года Міласэрнасці
Дзяржава Ватыкан
22.02.2016 14:23

24 лютага ў Ватыканскай Апостальскай бібліятэцы адбудзецца прэзентацыя гравюры, вырабленай з нагоды Юбілейнага Года Міласэрнасці. У падзеі прыме ўдзел бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца, Дзяржаўны Сакратар Папы кардынал П’етро Паралін.

Памятныя гравюры вырабляюцца ў Ватыканскай бібліятэцы да ўсіх вялікіх падзей у гісторыі Касцёла. «Юбілейны» графічны твор выканалі італьянскія мастакі П’ерлуіджы Ісола і Патрыцыё Дзі Шула. Іх выбар адбыўся дзякуючы дыялогу, які Папская бібліятэка вядзе з сучасным мастацтвам, распавяла Барбара Ята, куратар праекта.

На гравюры прысутнічаюць выявы панарамы Рыма, чатырнаццаці ўчынкаў міласэрнасці, прадстаўленых у выглядзе алегорый, а таксама Святых Дзвярэй, якія на працягу Юбілейнага Года адчыніў Папа Францішак. Па словах аўтараў праекту, ён павінен праз мастацтва прадэманстраваць пасланне Года Міласэрнасці.

Гравюры будуць выдадзены абмежаваным накладам — усяго 200 экземпляраў. Частку з іх Святы Айцец будзе ўручаць асобам, якіх будзе прымаць з візітамі. Іншая частка з’явіцца ў продажы, як плён дзейнасці Апостальскай бібліятэкі.

Дзве «Юбілейныя» гравюры ўжо былі падараваны Дзяржсакратарыятам Ватыкана князю Манака Альберу ІІ і Прэзідэнту Ірана Хасану Рухані.

Паводле беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё (MV).

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.