Бэнэдыкт XVI адзначыў важнасць паглыблення паяднання з Армянскай Апостальскай Царквой |
Святы Айцец |
28.10.2009 16:02 |
27 кастрычніка 2009 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI павіншаваў Католікоса Армянскай Апостальскай Царквы Гарэгіна ІІ з 10-годдзем абрання на пасаду Патрыярха Армянскай Царквы. У віншаванні Пантыфік адзначыў важнасць паглыблення паяднання паміж Каталіцкім Касцёлам і Армянскай Апостальскай Царквой. Святы Айцец таксама выказаў падзяку Патрыярху Гарэгіну ІІ за яго плённы ўдзел у дыялогу Армянскай Апостальскай Царквы з Касцёлам. Варта адзначыць, што ў 2001 г. Патрыярх сустракаўся з папам Янам Паўлам ІІ. Выказваючы сваё пажаданне, каб усталяваныя паміж Цэрквамі цёплыя адносіны развіваліся далей, Бэнэдыкт XVI падкрэсліў таксама вялікі ўнёсак Патрыярха ў справу адраджэння хрысціянства ў Арменіі. Патрыярх Гарэгін ІІ у сваёй дзейнасці надаў вялікую ўвагу адукацыі моладзі, стварэнню ў краіне новых парафій, сцвярджэнню высокага звання хрысціяніна. Гарэгін ІІ (Нерсесян) нарадзіўся ў 1951 г. у армянскай вёсцы Васкехат. У 1971 г. скончыў духоўную семінарыю ў Арменіі. У 1972 г. прыняў святарскае пасвячэнне. Працягваў вучобу ў Боне (Германія). У 1980 г. стаў святаром у епархіі Арарат Армянскай Апостальскай Царквы. У 1983 г. быў узведзены ў сан епіскапа, а пазней — архіепіскапа. Шмат зрабіў у справе аднаўлення Арменіі пасля землятрусу 1988 г., а таксама ў справе духоўнага адраджэння краіны ў постсавецкі перыяд. У 1999 г. архіепіскап Гарэгін быў абраны на пасаду Патрыярха Армянскай Апостальскай Царквы. |