Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Спачувальнае пасланне кіраўніка Армянскай Апостальскай Царквы арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці
Беларусь
01.04.2013 13:30

Яго Святасць Вярхоўны Патрыярх і Каталікос усіх армянаў Гарэгін ІІ скіраваў спачувальнае пасланне Яго Эксцэленцыі Апостальскаму Нунцыю ў Беларусі арцыбіскупу Клаўдыё Гуджэроцці з нагоды адыходу ў вечнасць яго маці, якая спачыла ў мінулую пятніцу, 29 сакавіка 2013 г. Падаем тэкст паслання.

Ваша Эксцэленцыя,

з болем мы даведаліся пра адыход у вечнасць Вашай дарагой матулі.

З гэтай сумнай нагоды ад імя Найвышэйшай Рэлігійнай Рады і ад Сходу Першакатэдральнага Пасаду Святога Эчміадзіна выказваем Вам і Вашым родным Нашае найглыбейшае спачуванне.

У гэтую нялёгкую хвіліну мы яднаемся з Вамі ў Нашых малітвах і падзяляем Ваш боль ад цяжкай страты.

Святкаванне Пасхальнай таямніцы сёння зноў перадае нам добрую навіну пра тое, што праз невымерную ласку Уваскрасення Збаўцы адкрыта брама Нябеснага Валадарства, а душам спачылых у Пану падаравана вечнае шчасце. У хвіліны жалобы і смутку ад растання са спачылай мамай як суцяшэнне гучаць словы нашага Пана Езуса Хрыста, што абяцаюць бясконцае жыццё тым, хто верыць у Яго, якія не загінуць навекі (Ян 10, 28).

Дзякуючы рупліваму выхаванню Вашай дарагой матулі, у Вас умацаваліся вера — дар Пана Бога, а таксама дух адданасці Касцёлу, з якім Вы і сёння працягваеце духоўнае служэнне ў супольнасці Каталіцкага Касцёла, застаючыся заўсёды добразычлівым і шчырым сябрам Армянскай Царквы і Першакатэдральнага Пасаду Святога Эчміадзіна, пра што сведчаць цёплыя ўспаміны, якія Мы захоўваем пра вас і пра сустрэчы з Вамі.

З глыбіні сэрца Мы просім Міласэрнага Бога, каб прыняў у шчаслівы супакой нябесных сялібаў светлую душу Вашай матулі, а таксама каб спаслаў дары радасці і суцяшэння ў Святым Духу Вам і Вашым сардэчна засмучаным родным.

З найлепшымі пачуццямі, спачуваннем і маім Благаслаўленнем

Гарэгін ІІ
Каталікос усіх армянаў


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Спасылкі па тэме