Кардынал Сандры наведаў Грузію і Арменію |
19.07.2012 14:51 |
Прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў кардынал Леанарда Сандры 18 ліпеня завяршыў свой візіт у Грузію і Арменію. Нагодай для наведання першай з краін стала 20-годдзе ўстанаўлення дыпламатычных адносін Апостальскай Сталіцы з Грузіяй. Апрача афіцыйных святкаванняў і сустрэч, ватыканскі іерарх сустрэўся ў Тбілісі з грузінскай моладдзю. Візіт у Арменію пачаўся 15 ліпеня св. Імшой на армянскай мове ў новапабудаваным касцёле горада Ташыр. Кульмінацыйным момантам візіту кардынала Сандры была сустрэча з Каталікосам усіх армян Гарэгінам ІІ. Падчас сустрэчы кіраўнік Армянскай Апостальскай Царквы назваў цёплымі гістарычныя адносіны паміж абедзвюма Цэрквамі, падкрэсліўшы канструктыўнае супрацоўніцтва ў сацыяльнай і адукацыйнай сферах. Кардынал Сандры выказаў надзею, што адносіны паміж Цэрквамі будуць яшчэ больш умацоўвацца. Акрамя таго, як інфармуе Ватыканскае радыё, прэфект Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў сустрэўся з Прэзідэнтам Рэспублікі Арменія Сержам Саргсянам і міністрам замежных спраў Эдвардам Налбандзянам. У апошні дзень свайго візіту кардынал Сандры наведаў бальніцу «Redemptoris Mater», якая была пабудавана па ініцыятыве бл. Яна Паўла ІІ як дар для ахвяр землятрусу, што абрынуўся на Арменію ў 1988 г. |