Армянскі іерарх пра папу Францішка: новы Пантыфік з’яўляецца нашым сябрам |
04.04.2013 13:41 |
«Новы кіраўнік Каталіцкага Касцёла з’яўляецца нашым сябрам, асабіста маім, а таксама сябрам армянскай супольнасці Буэнас-Айрэса і наогул армянскага народа», — піша архіепіскап Армянскай Апостальскай Царквы ў Чылі і Аргенціне Гісак Мурадзян. Іерарх узгадвае 90-годдзе генацыду армян, што адзначалася ў 2005 г., калі ў катэдры Буэнас-Айрэса быў размешчаны прывезены з Арменіі хачкар у памяць ахвяраў.
Як адзначае архіепіскап, у цырымоніі асвячэння хачкара — армянскага архітэктурнага помніка ў выглядзе каменнай стэлы з выявай крыжа — удзельнічаў і кардынал Хорхе Марыа Берголіа, які, узгадаўшы ахвяры армянскага народа, таксама заклікаў Турцыю прызнаць факт генацыду і знайсці мірнае вырашэнне армянскага пытання.
Па словах архіепіскапа Мурадзяна, сённяшні Папа заўсёды прымаў удзел у мерапрыемствах у памяць ахвяр генацыду армян у катэдральным касцёле Буэнас-Айрэса. «Я ўпэўнены, што кіраўнік Каталіцкага Касцёла павінен працягваць думаць і дзейнічаць дзеля патрабуючых і пацярпелых і заставацца абаронцам усіх нацый, якія сталі ахвярай несправядлівасці», — дадае іерарх, якога цытуе Арменпресс. (AG)
|