Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Мір на Блізкім Усходзе стаў тэмай размовы Бэнэдыкта XVI з прэм’ер-міністрам Кувейта
Святы Айцец
23.11.2009 17:35

23 лістапада 2009 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзяліў аўдыенцыю прэм’ер-міністру Кувейта Шэйху Насіру аль-Мухамеду. Галоўнай тэмай размовы Пантыфіка з дзяржаўным дзеячам Кувейта стала пытанне міру і міжрэлігійнага дыялога на Блізкім Усходзе.

Падчас сустрэчы было таксама згадана аб стасунках паміж Апостальскай Сталіцай і Кувейтам, якія існуюць ужо больш за 40 год. Закраналася таксама праблема пазітыўнага ўкладу хрысціянскай меншасці на Блізкім Усходзе ў жыццё кувейцкага грамадства. Падкрэслівалася неабходнасць душпастырскай дапамогі гэтай супольнасці.

Падчас размовы, якая працягвалася 25 хвілін і адбывалася па-французску, Святы Айцец атрымаў у падарунак ад дзяржаўнага дзеяча Кувейта прыгожы дыван і старажытны манускрыпт Карану. У сваю чаргу Пантыфік падарыў госцю гравюру з выявай плошчы Святога Пятра і вечнае пяро.

Пасля аўдыенцыі з Папам прэм’ер-міністр Кувейта сустрэўся з Дзяржаўным сакратаром Яго Святасці кардыналам Тарчызіо Бэртонэ і з арцыбіскупам Дамінікам Мамбэрці, Сакратаром па адносінах з дзяржавамі Дзяржаўнага Сакратарыяту.

26 лістапада прэм’ер-міністр Кувейта зноў прыбудзе ў Рым, каб сустрэцца з прэм’ер-міністрам Італіі Сільвіо Берлусконі, які зараз знаходзіцца ў Арабскіх Эміратах.




 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.