Бэнэдыкт XVI паабяцаў маліцца аб жыццяздольнасці Касцёла ў Бельгіі |
Святы Айцец |
18.12.2009 18:21 |
18 снежня 2009 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзяліў аўдыенцыю дэлегацыі Каталіцкага Касцёла з Валоніі (рэгіён Бельгіі). Падчас сустрэчы Папа абяцаў маліцца ў інтэнцыі жыццяздольнасці Касцёла ў гэтым краі. Варта адзначыць, што з Валоніі паходзіць елка, якая ў гэтым годзе была ўсталявана на плошчы Святога Пятра ў Апостальскай Сталіцы. Бэнэдыкт XVI адзначыў, што дрэва, якое ўстанаўліваецца на святы Божага Нараджэння, сімвалізуе пастухоў, якія чуваюць, а таксама кожнага з вернікаў, пакліканнем якіх з’яўляецца прынясенне добрага плёну, каб засведчыць, што Бог сапраўды наведаў гэты свет і збавіў яго. Дрэва, якое ставіцца каля жолаба, гаворыць аб вялікай таямніцы Бэтлеема. Такім чынам, яно абвяшчае прыйсце ў гэты свет Сына Божага. «Праз гэтае дрэва ваша зямля і хрысціянскія супольнасці аддаюць хвалу Божаму Дзіцяці, якое прыйшло да нас, каб аднавіць усё і заклікаць усе стварэнні, ад найбольш пакорных да найбольш высокіх, да ўваходу ў таямніцу збаўлення», — падкрэсліў Папа, звяртаючыся да дэлегацыі з Бельгіі. Святы Айцец заверыў сваіх субяседнікаў у сваёй малітве ў інтэнцыі таго, каб жыхары Валоніі заставаліся вернымі таму святлу веры, якое было прынесена ў лясы і даліны Ардэннаў у Бельгіі. Святло Евангелля, як дадаў Пантыфік, з гэтага краю неслі шматлікія місіянеры на розныя канцы зямлі. Папа паабяцаў маліцца аб тым, каб «Касцёл у Бельгіі заставаўся зямлёй, якая будзе прыносіць багаты ўраджай Каралеўства, якое прынёс на зямлю Хрыстус». |