Бэнэдыкт XVI удзяліў аўдыенцыю новаму паслу Турцыі пры Ватыкане |
Святы Айцец |
08.01.2010 13:46 |
7 студзеня 2010 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзяліў аўдыенцыю новаму паслу Турцыі пры Апостальскай Сталіцы Кенану Гарсою. Звяртаючыся да новага пасла, Пантыфік адзначыў, што Ватыкан высока ацэньвае дзейнасць Турцыі ў справе ўсталявання міру і стабільнасці на Блізкім Усходзе. Абедзве дзяржавы падтрымліваюць дыпламатычныя адносіны ўжо амаль 50 год. Бэнэдыкт XVI узгадаў, якую ролю адыграў ва ўзаемаадносінах Ватыкана і Турцыі папа Ян ХХІІІ, які з 1935 г. па 1944 г. быў Апостальскім дэлегатам у Турцыі і Грэцыі. Як адзначыў Папа, на працягу апошніх 50 гадоў было дасягнута вельмі шмат у дыпламатычных адносінах абедзвюх дзяржаў. Святы Айцец падчас сустрэчы з новым паслом узгадаў таксама свой візіт у Турцыю, які адбыўся на рубяжы лістапада і снежня 2006 г. Пантыфік падкрэсліў важнасць сваёй сустрэчы з Патрыярхам Канстанцінопальскім Барталамеем І і нагадаў аб даўнасці хрысціянскіх традыцый у гэтай краіне. Згадаўшы аб нядаўніх мерапрыемствах, якія праходзілі ў Год святога апостала Паўла, Папа выказаў удзячнасць турэцкім уладам за іх клопат аб пілігрымах з усяго свету, якія наведвалі Турцыю. |