Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI удзяліў аўдыенцыю новаму паслу Турцыі пры Ватыкане
Святы Айцец
08.01.2010 13:46

7 студзеня 2010 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзяліў аўдыенцыю новаму паслу Турцыі пры Апостальскай Сталіцы Кенану Гарсою. Звяртаючыся да новага пасла, Пантыфік адзначыў, што Ватыкан высока ацэньвае дзейнасць Турцыі ў справе ўсталявання міру і стабільнасці на Блізкім Усходзе. Абедзве дзяржавы падтрымліваюць дыпламатычныя адносіны ўжо амаль 50 год.

Бэнэдыкт XVI узгадаў, якую ролю адыграў ва ўзаемаадносінах Ватыкана і Турцыі папа Ян ХХІІІ, які з 1935 г. па 1944 г. быў Апостальскім дэлегатам у Турцыі і Грэцыі. Як адзначыў Папа, на працягу апошніх 50 гадоў было дасягнута вельмі шмат у дыпламатычных адносінах абедзвюх дзяржаў.

Святы Айцец падчас сустрэчы з новым паслом узгадаў таксама свой візіт у Турцыю, які адбыўся на рубяжы лістапада і снежня 2006 г. Пантыфік падкрэсліў важнасць сваёй сустрэчы з Патрыярхам Канстанцінопальскім Барталамеем І і нагадаў аб даўнасці хрысціянскіх традыцый у гэтай краіне. Згадаўшы аб нядаўніх мерапрыемствах, якія праходзілі ў Год святога апостала Паўла, Папа выказаў удзячнасць турэцкім уладам за іх клопат аб пілігрымах з усяго свету, якія наведвалі Турцыю.

Закранаючы тэму адносінаў паміж каталіцтвам і ісламам, Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што яны павінны развівацца ў атмасферы ўзаемапавагі і прыязні, каб супольна сведчыць аб веры ў Бога. Таксама, па словах Папы, варта прыкласці намаганні для лепшага пазнання адно аднаго, што дазволіць усталяваць узаемную пашану паміж «асобамі, супольнасцямі і народамі, асабліва на неспакойных абсягах Блізкага Усходу».

Гаворачы аб сітуацыі каталіцкай супольнасці ў Турцыі, Святы Айцец выказаў надзею, што яе канстытуцыя і далей будзе гарантам свабоды веравызнання і дазволіць Касцёлу рабіць свой унёсак у развіццё краіны, найперш праз дзейнасць дабрачынных арганізацый.

Папа падкрэсліў міжнародную ролю Турцыі як звязуючага мосту паміж светам ісламу і Захадам. «Апостальская Сталіца высока ацэньвае шэраг ініцыятываў, узнятых Турцыяй у справе ўсталявання міру і стабільнасці на Блізкім Усходзе. Мы жадаем таксама прыкладваць намаганні да таго, каб разам паставіць кропку ў даўніх канфліктах у гэтай частцы свету. Як гэта часта паказвала гісторыя, тэрытарыяльныя дыспуты могуць быць вырашаны спосабам, здольным задаволіць кожны з бакоў», — дадаў Пантыфік.


 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.