Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Павага да асобы — ключ да пабудовы міру: Бэнэдыкт XVI сустрэўся з прадстаўнікамі дыпламатычнага корпусу
Святы Айцец
11.01.2010 18:15

11 студзеня 2010 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзяліў аўдыенцыю прадстаўнікам дыпламатычнага корпусу, акрэдытаванага пры Апостальскай Сталіцы. Падчас сустрэчы Папа выказаўся аб шанаванні «чалавечай экалогіі» як ключы да пабудовы міру ў свеце, а таксама аб неабходнасці прызнання публічнай ролі Касцёла і пазітыўным удзеле свецкіх людзей у падтрыманні і паглыбленні міру і салідарнасці. Сёння Ватыкан падтрымлівае дыпламатычныя адносіны са 178 краінамі свету.

Падчас сустрэчы Пантыфік закрануў і тэму сёлетняга Сусветнага дня міру. Варта ўзгадаць, што ў сваім пасланні з гэтай нагоды Святы Айцец заклікаў міжнародную супольнасць ахоўваць усё стварэнне. Таксама Папа адзначыў, што Божае Нараджэнне — гэта нагода да разважання не толькі над Божымі таямніцамі, але і над справамі стварэння і аднаўлення Сусвету.

«Наступнік Пятра прагне падтрымліваць з усімі адносіны, якія спрыяюць пазітыўнаму развіццю чалавечай сям’і», — падкрэсліў Бэнэдыкт XVI. Папа ўзгадаў аб усталяванні ў мінулым годзе дыпламатычных адносінаў з Расіяй і аб нядаўнім візіце ў Ватыкан Прэзідэнта В’етнама.

Закранаючы тэму эканамічнага крызісу, Святы Айцец звярнуўся да сваёй энцыклікі «Caritas in veritate» («Любоў у праўдзе»), у якой назваў прычынай крызісу эгаістычную і матэрыялістычную ментальнасць грамадства. У сувязі з гэтым Папа прывёў прыклад сур’ёзных негатыўных зменаў, якія нарадзіў ў Еўропе камуністычны рэжым не толькі ў сферы разумення чалавечай годнасці, але і ў адносінах да прыродных багаццяў. «Адвяржэнне Бога не толькі цягне за сабой прыніжэнне годнасці чалавека, але і знішчае справы стварэння», — дадаў Папа.

Падчас сустрэчы Святы Айцец закрануў і праблемы такіх краін, як Афганістан або некаторыя дзяржавы Паўднёвай Амерыкі, дзе існуе балючае пытанне вытворчасці наркотыкаў у сельскай гаспадарцы. Папа заклікаў міжнародную супольнасць да супрацьстаяння з’яве наркаманіі і гандлю наркотыкамі, якім спадарожнічаюць маральныя і грамадскія праблемы. Святы Айцец адзначыў неабходнасць абмежавання вытворчасці зброі, у першую чаргу ядзернай. Было ўзнята і пытанне бежанцаў, у прыватнасці хрысціян, вымушаных пакінуць Блізкі Усход.

Бэнэдыкт XVI адзначыў, што хрысціяне разам могуць прыняць удзел у змяненні ментальнасці і ўсталяванні новага стылю жыцця пры ўмове прызнання грамадскай ролі Касцёла. Папа падкрэсліў, што сёння  ў некаторых краінах, асабліва заходніх, у палітычных і культурных сферах і СМІ назіраецца «недаацэньванне, а часам і варожае стаўленне да рэлігіі, асабліва хрысціянскай». На думку Папы, такая з’ява народжана трактоўкай рэлятывізму як базавага элементу дэмакратыі. У гэтым выпадку «існуе небяспека разумення свецкасці як выключэння або адвяржэння грамадскага значэння рэлігіі». Такі падыход, па словах Пантыфіка, нараджае ў свеце падзелы і канфлікты. Як антытэзу рэлятывізму, на думку Святога Айца, варта прыняць «пазітыўную свецкасць», якая будуецца на правільнай аўтаноміі паміж свецкай і духоўнай сферамі, спрыяючы здароваму супрацоўніцтву і адчуванню сумеснай адказнасці.

Бэнэдыкт XVI перасцярог перад прыняццем законаў, якія ў імя абароны перад дыскрымінацыяй прыніжаюць біялагічныя адрозненні. «Свабода не можа быць абсалютнай, таму што чалавек з’яўляецца не Богам, а вобразам Бога, Яго стварэннем, — дадаў Папа. — Чалавек не можа ісці дарогай сваіх жаданняў — яго шлях павінен базавацца на тым, ці з’яўляецца такі лад рэчаў пажаданым для Стварыцеля».

Па словах Пантыфіка, абарона стварэння патрабуе таксама згоды і стабільнасці паміж дзяржавамі. Святы Айцец заахвоціў да захавання аўтэнтычнасці і сакральнага характару Святой Зямлі, прызнання права Ізраіля на існаванне як дзяржавы і права Палестыны на суверэнітэт. «Толькі праз прызнанне культурнай і рэлігійнай спадчыны Іерусаліма гэтая мясцовасць можа стаць сімвалам міру, якога Бог жадае ўсёй чалавечай сям’і», — адзначыў Папа.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.