Бэнэдыкт XVI: клопат аб еднасці хрысціян і праблемы біяэтыкі — цэнтральныя пытанні, што cтаяць перад Кангрэгацыяй Веравучэння |
Святы Айцец |
15.01.2010 17:17 |
15 студзеня 2010 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзяліў аўдыенцыю ўдзельнікам пленарнага пасяджэння Кангрэгацыі Веравучэння. Падчас сустрэчы Папа адзначыў, што у цэнтры задач гэтага ведамства павінны быць клопат аб хрысціянскай еднасці і адказ на выклікі біяэтыкі. Таксама Пантыфік заклікаў да прыняцця лефеўрыстаў у паўнату камуніі Касцёла і падкрэсліў, што рашэнне аб стварэнні персанальных ардынарыятаў для былых англіканаў не ідзе ў супярэчнасці з экуменізмам. Па словах Папы, клопат аб дактрынальнай вернасці, які з’яўляецца галоўнай мэтай працы Кангрэгацыі Веравучэння, цесна звязаны са служэннем еднасці Касцёла, якое здзяйсняе наступнік Пятра. Узмацненне братоў у веры, як дадаў Пантыфік, становіцца для кожнага Рымскага Папы першым і асноўным заданнем, давераным яму самім Хрыстом. Ад гэтага, сцвердзіў Святы Айцец, залежыць паспяховасць евангелізацыйнай місіі Касцёла да канца часоў. Акрамя гэтага, Папа даручыў Кангрэгацыі Веравучэння звярнуць асаблівую ўвагу на справу вырашэння дактрынальных праблем, якія ўскладняюць поўную камунію з Каталіцкім Касцёлам лефэўрыстаў, якія належаць да Святарскага брацтва св. Пія Х. Таксама Пантыфік выказаў удзячнасць ватыканскаму ведамству за паспяховы ход інтэграцыі былых англіканскіх вернікаў у супольнасць Касцёла. |