Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI: клопат аб еднасці хрысціян і праблемы біяэтыкі — цэнтральныя пытанні, што cтаяць перад Кангрэгацыяй Веравучэння
Святы Айцец
15.01.2010 17:17

15 студзеня 2010 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI удзяліў аўдыенцыю ўдзельнікам пленарнага пасяджэння Кангрэгацыі Веравучэння. Падчас сустрэчы Папа адзначыў, што у цэнтры задач гэтага ведамства павінны быць клопат аб хрысціянскай еднасці і адказ на выклікі біяэтыкі. Таксама Пантыфік заклікаў да прыняцця лефеўрыстаў у паўнату камуніі Касцёла і падкрэсліў, што рашэнне аб стварэнні персанальных ардынарыятаў для былых англіканаў не ідзе ў супярэчнасці з экуменізмам.

Па словах Папы, клопат аб дактрынальнай вернасці, які з’яўляецца галоўнай мэтай працы Кангрэгацыі Веравучэння, цесна звязаны са служэннем еднасці Касцёла, якое здзяйсняе наступнік Пятра. Узмацненне братоў у веры, як дадаў Пантыфік, становіцца для кожнага Рымскага Папы першым і асноўным заданнем, давераным яму самім Хрыстом. Ад гэтага, сцвердзіў Святы Айцец, залежыць паспяховасць евангелізацыйнай місіі Касцёла да канца часоў.

Акрамя гэтага, Папа даручыў Кангрэгацыі Веравучэння звярнуць асаблівую ўвагу на справу вырашэння дактрынальных праблем, якія ўскладняюць поўную камунію з Каталіцкім Касцёлам лефэўрыстаў, якія належаць да Святарскага брацтва св. Пія Х. Таксама Пантыфік выказаў удзячнасць ватыканскаму ведамству за паспяховы ход інтэграцыі былых англіканскіх вернікаў у супольнасць Касцёла.

Бэнэдыкт XVI нагадаў таксама аб неабходнасці абвяшчэння праз Касцёл праўды аб годнасці чалавека і яго права на жыццё. Яркай праявай гэтага стала падпісаная ў верасні 2008 г. інструкцыя «Dignitas personae», у якой разглядаліся некаторыя пытанні біяэтыкі.  

Папа аспрэчыў меркаванне наконт таго, што вера нібыта становіцца перашкодай для навуковых пошукаў і аб’ектыўнага пазнання рэчаіснасці. Па словах Святога Айца, хрысціянская вера «робіць свой унёсак у этыка-філасофскую сферу, не прапануючы гатовых рашэнняў канкрэтных праблем, але абараняючы маральныя праўды, у святле якіх чалавечы розум можа шукаць і знаходзіць вернае выйсце». У гэтым кантэксце Папа нагадаў аб тым, як праз прызму хрысціянскай веры варта разумець і біяэтычныя праблемы, шануючы годнасць чалавечага жыцця, пракрэацыйны аспект сексуальнасці, цэнтральнае месца сям’і, пабудаванай на аснове сужэнства мужчыны і жанчыны. «Усё гэта, упісанае ў чалавечыя сэрцы, можна таксама ахапіць розумам як элементы маральнага права, і прыняць нават тымі людзьмі, якія не ідэнтыфікуюць сябе з хрысціянамі», — падкрэсліў Пантыфік.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.