Бэнэдыкт XVI заклікаў Касцёл у Румыніі і Малдавіі да еднасці |
Святы Айцец |
12.02.2010 17:03 |
12 лютага 2010 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI сустрэўся з каталіцкімі біскупамі Румыніі і Малдавіі ў межах візіту іерархаў ad limina Apostolorum. Папа заахвоціў біскупаў да клопату аб еднасці Касцёла ў гэтых краінах, а таксама да супрацоўніцтва з Праваслаўнай Царквой. Пантыфік нагадаў аб цяжкіх выпрабаваннях, якія выпалі на долю хрысціян абедзвюх краін, і аддаў пашану памяці біскупаў, святароў, законнікаў і законніц, а таксама свецкіх вернікаў, якія ў перыяд камуністычнага пераследу «выказалі нязломную прыхільнасць да Хрыста і Яго Касцёла, захаваўшы непарушную веру». Святы Айцец выказаў удзячнасць іерархам за ўдзел у справе адраджэння і развіцця каталіцкай супольнасці ў гэтых краінах. Падчас сустрэчы Пантыфік падкрэсліў важнасць катэхезы, якая павінна весці да веры як дзяцей, так і дарослых. Таксама Папа заклікаў біскупаў Румыніі і Малдавіі да еднасці са святарамі, глыбокай зацікаўленасці ў іх духоўным і матэрыяльным становішчы, а таксама да правядзення належнай фармацыі будучых душпастыраў. Святы Айцец адзначыў і неабходнасць супрацоўніцтва з законнымі супольнасцямі, якое дазволіць разам выконваць апостальскую місію згодна з харызмай кожнага і ў еднасці з партыкулярным Касцёлам. Бэнэдыкт XVI указаў на патрэбу большай колькасці пакліканняў да святарства, дадаўшы, што ўвагі патрабуе таксама фармацыя кансэкраваных асобаў. |