Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI узначаліў святую Імшу Хрызма ў ватыканскай базыліцы
Святы Айцец
01.04.2010 14:45

Разам з кардыналамі, арцыбіскупамі, біскупамі і 3 тысячамі святароў 1 красавіка 2010 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI цэлебраваў ў ватыканскай базыліцы святога Пятра святую Імшу Хрызма, падчас якой адбылося аднаўленне святарскіх абяцанняў. У гаміліі Папа звярнуў увагу на сімволіку вады, хлеба, віна і алею — матэрыяльных элементаў сакрамэнтаў. Пантыфік заклікаў святароў быць людзьмі міру, а ўсіх хрысціян — аддана змагацца з несправядлівасцю, у тым ліку з забойствамі ненароджаных дзяцей.

Як адзначыў Папа, «вада з’яўляецца базавай умовай усялякага жыцця і асноўным знакам, у якім праз хрост людзі становяцца хрысціянамі». Пантыфік нагадаў, што «хлеб звязаны са штодзённым жыццём, віно — са святам і радасцю, алей жа мае шырокае значэнне — нагадвае пра пасілак, лекі, дае прыгажосць, рыхтуе да змагання і надае моц».

Па словах Папы, быць хрысціянамі — значыць «паходзіць ад Хрыста, належаць Хрысту, Божаму Памазаніку, Таму, якога Бог адарыў каралеўствам і святарствам», каго «намасціў сам Бог — алеем не матэрыяльным, а Тым, хто прадстаўлены ў алеі, — сваім Духам Святым». Бэнэдыкт XVI падкрэсліў, што ў цэнтры літургічнага дзеяння святой Імшы Хрызмы знаходзіцца святы алей. Гэтая Імша мае асаблівае значэнне для святароў, якіх яна чыніць удзельнікамі святарства Хрыста. Як дадаў Святы Айцец, асвячоны алей з’яўляецца таксама знакам Божай міласэрнасці. «Святарскае пасвячэнне азначае заданне несці людзям Божую міласэрнасць», — сцвердзіў Папа.

Па словах Папы, для хрысціян першых стагоддзяў сімвалам міру была не толькі галубка, але таксама галінка алівы і сам алей. Вернікі таго часу памяталі, што першымі словамі ўваскрослага Хрыста да вучняў было: «Супакой вам!». Хрысціяне, як дадаў Пантыфік, павінны быць людзьмі міру, якія распазнаюць таямніцу Крыжа і жывуць ёю, як таямніцай паяднання. Крыж Хрыста выяўляе супраціўленне насіллю. Той, хто цярпеў, быў мацнейшы за тых, якія мелі ўладу, але аддаў сябе на крыж і такім чынам перамог насілле. Таму і святары, і ўсе хрысціяне пакліканы да таго, каб змагацца з насіллем і давяраць моцы любові.

Як адзначыў Папа, барацьба мучанікаў першых стагоддзяў засноўвалася на канкрэтным супраціўленні несправядлівасці, якая заключалася ў кульце цэзара, кульце чалавечай моцы. Праз сваё адмаўленне ўдзельнічаць у гэтым кульце хрысціянскія мучанікі падкрэслівалі свае правы і праўду і такім чынам служылі справе міру. Сёння ж хрысціяне, па словах Пантыфіка, таксама могуць змагацца са злом — напрыклад, выступаючы супраць забойстваў ненароджаных дзяцей, — і такім чынам ісці следам за Хрыстом.

У гаміліі Святы Айцец распавёў таксама аб асаблівасцях, характэрных для радасці Духа Святога. Па словах Пантыфіка, гэтая радасць адрозніваецца ад «радасці знешняй, якой прагне сучаснае грамадства», — гэта глыбінная радасць, якая можа спалучацца таксама з цярпеннем. Яна дае нам магчымасць удзельнічаць у цярпенні іншага, аддаваць сябе дзеля таго, каб сведчыць аб святле і дабрыні Бога.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.