Аднаўляць у сабе Дух святасці, ісці да ўсіх людзей, асабліва бедных, вязняў і хворых, браць на сябе чалавечыя клопаты заахвоціў святароў папа Францішак падчас Імшы Хрызмы ў Вялікі чацвер, 28 сакавіка. Падчас літургіі святары аднавілі абяцанні, складзеныя пры сваім пасвячэнні.
Па словах Пантыфіка, святар, цэлебруючы, бярэ на свае плечы давераны яму народ і нясе ў сваім сэрцы імёны гэтых людзей. «Калі мы апранаем наш сціплы арнат, было б добра, каб мы адчувалі на плячах і ў сэрцы цяжар у абліччы нашага люду вернага, нашых святых і нашых мучанікаў, якіх у гэты час так шмат», — сказаў Папа.
«Добры святар пазнаецца па тым, як намашчаны яго люд, — працягваў Святы Айцец. — Мы заўважаем, калі нашы вернікі намашчаны алеем радасці: напрыклад, калі выходзяць з Імшы з тварамі людзей, якія атрымалі добрую вестку. (…) Евангелле, якое мы абвяшчаем, пранікае ў іх штодзённае жыццё, калі сплывае, як алей Аарона, ажно да краю рэчаіснасці, калі асвячае самыя крайнія сітуацыі». «Людзі дзякуюць нам, бо адчуваюць, што мы молімся за іх у рэаліях іх штодзённага жыцця, у іх цярпеннях і радасцях, страхах і надзеях, — дадаў Пантыфік. — А калі яны адчуваюць, што водар Хрыста дасягае іх праз наша пасрэдніцтва, адчуваюць жаданне даверыць нам усё, што хочуць атрымаць ад Пана».
«Калі мы прабываем у гэтай сувязі з Богам і Яго народам, а ласка праходзіць праз нас, то мы сапраўды з’яўляемся святарамі, — адзначыў Папа. — Хачу падкрэсліць, што мы павінны заўсёды ажыўляць ласку і выслухоўваць кожную просьбу, часам неадпаведную, часам чыста матэрыяльную або зусім банальную (…) — выслухоўваць і адчуваць, як Пан адчуваў трывогу жанчыны, што пакутавала на крывацёк, калі яна дакранулася да краю Яго адзення».
«Святар, які мала выходзіць з самога сябе для іншых, які намашчае мала (…), губляе тое, што найлепшае ў нашым людзе, — звярнуў увагу Пантыфік. — Такі чалавек, замест таго, каб быць пасрэднікам, становіцца наёмнікам». «Менавіта адсюль паходзіць незадаволенасць некаторых святароў, якія ў рэшце рэшт становяцца сумнымі, перамяняюцца ў свайго роду калекцыянераў (…) замест таго, каб быць пастырамі», — патлумачыў Папа.
«Дарагія вернікі, будзьце побач са сваімі святарамі з любоўю і малітвай, каб яны заўсёды былі пастырамі паводле Божага сэрца, — заахвоціў Святы Айцец вернікаў. — Дарагія святары, няхай Бог Айцец адновіць у вас Дух святасці, якім вы былі намашчаны, няхай адновіць яго ў нашых сэрцах, так, каб намашчэнне дасягнула ўсіх, нават „перыферыю“, там, дзе наш верны люд найбольш яго чакае і цэніць. Няхай нашы вернікі адчуваюць, што мы вучні Пана, няхай адчуваюць, што (…) мы не шукаем іншага. Каб яны маглі атрымаць праз нашы словы і ўчынкі той алей радасці, які прыйшоў прынесці нам Езус».
(AG)
|