Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Папа заклікаў Македонію ўзбагачаць сваёй духоўнай адметнасцю еўрапейскую супольнасць
Святы Айцец
23.04.2010 12:43

Святы Айцец Бэнэдыкт XVI заклікаў македонскі народ узмацняць сваю духоўную адметнасць і рабіць унёсак у супольнасць еўрапейскіх народаў. Аб гэтым Папа сказаў у звароце да новага пасла Македоніі ў Апостальскай Сталіцы.

Святы Айцец выказаў задавальненне з прычыны добрага стану адносінаў паміж Ватыканам і Македоніяй, праявай чаго з’яўляецца магчымасць будавання ў гэтай краіне каталіцкіх святыняў. Пантыфік падкрэсліў багатую хрысціянскую спадчыну Македоніі, якая асаблівае праяўленне знайшла ў архітэктуры.

Бэнэдыкт XVI падтрымаў імкненні краіны стаць часткаю аб’яднанай Еўропы на ўмовах шанавання каштоўнасцяў кожнага народа. Гаворачы аб сітуацыі ў рэгіёне Балкан, Папа заўважыў, што македонскі народ заўсёды спрыяў дыялогу і ўзаемаразуменню паміж рознымі этнічнымі і рэлігійнымі супольнасцямі гэтага краю.

Закранаючы тэму выклікаў глабалізацыі і рэлятывізму, Святы Айцец заахвоціў македонскі народ да мудрага распазнавання таго, што спрыяе будаванню сапраўднага гуманізму. Папа падкрэсліў значэнне сямейных каштоўнасцяў, абароны чалавечага жыцця і ўмацавання жыцця рэлігійнага, асабліва сярод моладзі. Па словах Пантыфіка, Каталіцкі Касцёл у Македоніі, нягледзячы на тое, што з’яўляецца там невялікай меншасцю, прагне зрабіць свой унёсак ў будаванне больш справядлівага і салідарнага грамадства.

Македонія з’яўляецца маладой дзяржавай, якая ўзнікла ў выніку рэферэндуму пасля распаду Югаславіі, 8 верасня 1991 г. Насельніцтва краіны складае каля 2 мільёнаў чалавек, з якіх 70% вызнае праваслаўе, а 28% іслам. Католікаў у краіне налічваецца каля 3,5 тысяч, і яны належаць да двух абрадаў: лацінскага і візантыйскага. Душпастырскае служэнне ў краіне нясуць 6 святароў.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.