Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Бэнэдыкт XVI: біскуп павінен мудра разумець асоб, рэчаіснасць і падзеі |
Святы Айцец |
14.09.2010 12:41 |
Біскуп не з’яўляецца загадчыкам або бюракратам, або таксама простым мадэратарам і арганізатарам жыцця дыяцэзіі, а яго здольнасць да стварэння атмасферы даверу, адкрытасці, любові, шчырасці і справядлівасці паходзіць з айцоўства і братэрства ў Хрысце. Аб гэтым 13 верасня 2010 г. нагадаў Святы Айцец Бэнэдыкт XVI падчас сустрэчы з групай новапрызначаных біскупаў, якія прымаюць удзел у штогадовых курсах, арганізаваных Кангрэгацыяй па справах Біскупаў.
Пантыфік падкрэсліў, што «місію біскупа нельга разумець як ментальнасць адметнасці і паспяховасці, згодна з якой ён робіць галоўны акцэнт на тым, што трэба рабіць, — трэба пастаянна памятаць аб анталагічным вымярэнні, якое знаходзіцца ў асновах вымярэння функцыянальнага». «Фактычна біскуп на моцы аўтарытэту Хрыста, якім ён надзелены, калі знаходзіцца на сваёй катэдры, знаходзіцца „над“ і „ў абліччы супольнасці“, а таксама „для“ супольнасці, якую ён ахінае сваім клопатам», — дадаў Папа, цытуючы адгартацыю Яна Паўла ІІ «Pastores gregis». Святы Айцец падкрэсліў «вялікую адказнасць біскупа за дабрабыт дыяцэзіі, але таксама і грамадства». Па словах Папы, біскуп мусіць быць «моцным і станоўчым, справядлівым і непарушным», здольным мудра разумець «асоб, рэчаіснасць і падзеі», як таго патрабуюць яго задачы «айца, брата і сябра». «Маецца на ўвазе глыбокая перспектыва веры, а не чалавечая, адміністратыўная або сацыялагічная», — патлумачыў Пантыфік. |
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.